Читать «Рэвізор» онлайн - страница 25

Мікалай Гогаль

Зьява X

Тыя-ж і Восіп. Усе бягуць да яго напярэймы, ківаючы пальцамі.

Ганна Андрэеўна. Падыйдзі сюды, даражэнькі!

Гараднічы. Тш!.. што? што? cьпіць?

Восіп. Не, йшчэ крышку пацягаецца.

Ганна Андрэеўна. Слухай, адно, як ты завешся?

Восіп. Восіп, спадарыня.

Гараднічы (жонцы й дачцы). Годзе, годзе вам! (Восіпу). Ну што, браце, цябе накармілі добра?

Восіп. Накармілі, шчыранька дзякую, добра накармілі.

Ганна Андрэеўна. Ну што, скажы: да твайго пана, я думаю, шмат езьдзіць графоў і князёў?

Восіп (набок). А што казаць, якся цяперака накармілі добра, знацца, пасьлей яшчэ лепш накормяць. (Уголас). Але, бываюць і графы.

Мар’я Антонаўна. Сэрцайка Восіпка, які твой пан харошанькі!

Ганна Андрэеўна. А што, скажы, будзь ласкаў, Восіпе, як ён…

Гараднічы. Ды пакіньце, на ласку! Вы гэткімі пустымі гаворкамі толькі мне замінаеце. Ну, што, браце…

Ганна Андрэеўна. А чын які на тваім пану?

Восіп. Чын звычайна які.

Гараднічы. Ах, Божа мой, вы ўсё із сваімі дурнымі пытаньнямі! Не дасьцё ні слова пагутарыць пра справу. Ну што, браце, як твой пан?.. строгі? любіць гэтак расьпякаць ці не?

Восіп. Але, парадак любіць. Ужо яму каб усё было ў спраўнасьці.

Гараднічы. А мне вельмі падабаецца тваё аблічча, браце! Ты мусіш быць добрым чалавекам. Ну, што…

Ганна Андрэеўна. Скажы адно, Восіпе, а як пан твой там, у мундзеры ходзіць ці…

Гараднічы. Годзе вам, праўда-ж, ляшчоткі якія! Тутака патрэбная рэч: ідзець аб жыцьці чалавека… (Да Восіпа). Ну, што, браце, праўда-ж, мне ты вельмі падабаешся, у дарозе ня шкодзіць, ведаеш, перакуліць лішнюю чарачку. Яно цяперака сьцюдзенавата, дык вось табе пара рублёвак на чарку.

Восіп (бяручы грошы). А шчыранька дзякую, спадару! Дай Божа самім усялякага здароўя! Бедны чалавек, памаглі й яму.

Гараднічы. Добра, добра, я й сам рады. А што, браце…

Ганна Андрэеўна. Слухай адно, Восіпе, а якія вочы больш за ўсё падабаюцца твайму пану?..

Мар’я Антонаўна. Восіпка, сэрцайка! які міленькі насочак у твайго пана!

Гараднічы. Ды пачакайце, дайце мне! (Да Восіпа). А што, браце, скажы, будзь ласкаў, на што больш пан твой мае ўвагу, ці бо, што яму ў дарозе больш падабаецца?

Восіп. Любіць ён, на разгледзішча, што як давядзецца. Больш за ўсё любіць, каб яго прыймалі добра, пачастунак каб быў добры.

Гараднічы. Добры?

Восіп. Але, добры. Во ўжо на што я, прыгонны чалавек, ды й тое глядзіць, каб і мне было добра. Дальбог! Бывала, заедземся куды. «Што, Восіпе, добра цябе пачаставалі?» — «Блага, ваша высокачэсьць». — «Гэ, — кажа, — гэта, Восіпе, нядобры гаспадар. Ты, — кажа, — напамяні мне, як прыеду». — «Га, — думаю сабе (махнуўшы рукою), — Бог і зь ім! Я чалавек просты!»