Читать «Рэвізор» онлайн - страница 27

Мікалай Гогаль

Амос Хведаравіч. Дык лепш-жа самі: у саміх у ўстанове высокі госьць хлеба ўкаштаваў.

Арцём Піліпавіч. Дык ужо лепш Лукашу Лукашовічу, як прасьветніку моладзі.

Лукаш Лукашовіч. Не магу, не магу, спадары! Я, прызнаюся, гэтак узгадаваны, што, як загаворыць да мяне на адзін чын вышэйшы, у мяне прост і душы нямаш, і язык, як у балота, загруз. Не, спадары, аслабанеце, праўда-ж, аслабанеце!

Арцём Піліпавіч. Але-ж, Амосе Хведаравічу, апрача саміх няма каму. У саміх што ні слоўца, дык Цыцэрон зь языка зьляцеў.

Амос Хведаравіч. Што гэта! Што гэта! Цыцэрон! гляньце, што выдумалі! Што іншым разам захопішся чалавек, калі пра сабачую ганьню ці пра ганчака…

Усе (чапляюцца да яго). Не, самі-ж ня толькі пра сабакаў, самі й пра стаўпатварэньне… Не, Амосе Хведаравічу, не пакідайце нас, будзьце бацькам нашым!.. Не, Амосе Хведаравічу!

Амос Хведаравіч. Адкасьнецеся, спадары!

Тымчасам чуваць хада й адкашляваньне ў пакоі Хлестакова. Усе сьпяшаюцца на прамілы Бог да дзьвярэй, ціснуцца й намагаюцца выйсьці, што адбываецца не без таго, каб ня прыціснулі сяго-таго. Чуваць напаўголасу воклічы.

Голас Бобчынскага. Вой! Пётра Іванавічу, Пётра Іванавічу, нагу адціснулі!

Голас Землянікі. Пусьцеце, пусьцеце, пусьцеце хоць із душою — зусім прыцісьлі.

Вымыкаюцца колькі воклічаў: «ай! вой!» Нарэшце, усе выбіраюцца, й пакой застаецца пусты.

Зьява ІІ

Хлестакоў адзін, выходзіць із заспанымі вачамі.

Хлестакоў. Я, здаецца, нішто сабе храпануў. Адкуль яны набралі такіх пехцяроў і пярынаў? аж учаўрэў. Здаецца, яны ўчора мне падсунулі чагосьці на сьнеданьні: у галаве дасюль стукаціць. Тутака, я бачу, можна з прыемнасьцяй праганяць час. Я люблю ветласьць, і мне, прызнаюся, больш падабаецца, калі мне дагаджаюць ад шчырага сэрца, а ня тое, каб дзеля інтарэсу… А дачка гараднічага вельмі нішто сабе, дый матуля такая, што йшчэ можна-б… Не, я ня ведаю, а мне, праўда-ж, падабаецца такое жыцьцё.

Зьява ІІІ

Хлестакоў і судзьдзя.

Судзьдзя (уваходзячы й спыняючыся, сам сабе). Божа, Божа! вынясі шчасьліва; гэтак во каленцы й ломіць. (Уголас, выцягнуўшыся й прытрымваючы рукою шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: судзьдзя тутэйшага акруговага суда, калескі асэсар Ляпкін-Цяпкін.

Хлестакоў. Прашу сядаць. Дык самі тутака за судзьдзю?

Судзьдзя. Ад 816-га быў абраны на трохгодьдзе з волі дваранства й спраўляю службу да сяе пары.

Хлестакоў. А выгода, аднак-жа, быць за судзьдзю?

Судзьдзя. За тры трохгодзьдзі прадстаўлены да Валадзімера 4-е ступені з ухваленьня з боку начальства. (Набок). А грошы ў кулаку, а кулак-жаж увесь у вагні.

Хлестакоў. А мне падабаецца Валадзімер. Вось Ганна 3-е ступені ўжо ня гэтак.

Судзьдзя (высоўваючы пакрысе наперад сьціснуты кулак. Набок). Божухна-Бацюхна, ня ведаю, дзе сяджу. Быццам гарачае вугальле пад табою.

Хлестакоў. Што гэта ў саміх у руцэ?

Судзьдзя (зьбянтэжыўшыся й губляючы на падлогу асыгнацыі). Нічагуткі.