Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 8
Ян Баршчэўскі
Я ўпершыню быў у гэтым краі — невядомы нікому і сам ні з кім не знаёмы. Я адзін вандраваў па берагах Буга і Днястра,і, самотны, няраз змардаваны падарожжам і дзённаю спёкаю, перад захадам сонца, абапёршыся на абломак скалы, узіраўся ў чарадзейныя і таямнічыя краявіды і туга распірала мае грудзі, вока блукала бязмэтна, а думка ляцела далёка-далёка, каб спаткаць позірк Адэлі, у якім адлюстроўваецца яе чыстая душа, што мае болей хараства і прывабнасці, чым усе цуды прыроды.
Пасля гэтага Саматніцкі зноў нейкі час сядзеў нерухома, нібы ў ім ужо не было іскрынкі жыцця; Зянон глядзеў на яго колькі хвілінаў, потым, каб абудзіць з гэтага летаргічнага стану, запытаўся:
— І ў тым зямным раі не знайшоў ты забыцця?
Ён раптоўна прахапіўся і сказаў:
— І ў пакутах не знайду.
— Я б хацеў пабачыць той гожы край.
— Хто мае душэўны спакой, той усё бачыць у прыгожых колерах.
— Ці доўга ты быў на Падоллі?
— Першымі днямі верасня я падаўся далей, ішоў праз дзікія і пустыя стэпы. Зазнаўшы шмат невыгодаў і смутку, я дабраўся да Чорнага мора, да Адэсы.
Адэса — горад, пабудаваны па новай модзе: вуліцы шырокія, ходнікі для пешаходаў зручныя, дамы і касцёлы пекнае архітэктуры; наведваючы парты, рынкі ды розных гандляроў ва ўсіх кутках горада, я хацеў як хутчэй пазнаёміцца з панам Рыльцам, але ні ад каго не мог даведацца, дзе ён жыве. Нават і жыд-фактар, добра ўзнагароджаны, пытаючыся і адных і другіх, не змог мне дапамагчы; я ўжо пачаў адчайвацца, мяркуючы, што не пабачу яго і не даведаюся пра таямніцу каляровых водаў, якія я так старанна захоўваў у часе доўгай і цяжкай вандроўкі.
Паблізу мае кватэры на грэцкай вуліцы быў тракцір, дзе штодня і ва ўсялякі час можна было бачыць мяшчан, якія збіраліся дзеля камерцыйных інтарэсаў. Бываў і я там, і, як у тэатры, любіў прыглядацца да прадстаўнікоў розных народаў; у кожнай грамадзе, за кожным сталом гучала іншая мова, вялася гаворка па-нямецку, па-грэцку, па-італьянску.
Чытаючы пры гарбаце газеты, я слухаў перамовы купцоў, камісіянераў ды рознагалосыя апавяданні чужаземцаў. І вось зайшоў чалавек з задумлівым тварам, сярэдняга росту, каржакаваты, густабровы, і хоць з выгляду яму было за пяцьдзесят, хоць яму можна было даць за пяцьдзесят гадоў, выглядаў ён здаровым і дужым. Незнаёмец загадаў прынесці гарбаты, расклаў перад сабою паперы, на якіх было нешта намалявана, абапёрся на руку і, узіраючыся ў тыя паперы, паглыбіўся ў думкі; некаторыя, заўважыўшы гэта, падыходзілі да ягонага стала, з цікаўнасцю пазіралі на малюнкі ды на чалавека і адыходзілі, адны са здзіўленнем, іншыя з усмешкаю. Ён жа, падумаўшы нейкі час, пацёр лоб і прамовіў: