Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 3
Генрых Бёль
Хоць ён кожны раз цвёрда вырашаў больш не спаць, усё ж засынаў звычайна зноў, як толькі маці выключыць вентылятар. Але калі яна доўга чытала, ён прачынаўся і другі і трэці раз, асабліва калі Глум забываў змазаць вентылятар — і той павольна, з рыпам рабіў першыя абароты. Толькі пасля, набраўшы хуткасці, лопасці пачыналі працаваць бясшумна, але ўсё роўна ад першых жа рыпучых гукаў ён адразу прачынаўся і бачыў, што маці ўсё гэтак жа ляжыць, падпёршы галаву правай рукой, заціснуўшы цыгарэту ў левай, а віна ў шклянцы роўна столькі ж, колькі было і раней. Часам маці чытала нават Біблію, парой ён бачыў у яе руках малітоўнік у рудым скураным пераплёце, і невядома чаму яму рабілася ад гэтага неяк не па сабе. Ён стараўся найхутчэй заснуць або пачынаў кашляць, каб маці ведала, што ён не спіць. Гэта здаралася позна, калі ўсе ў доме спалі. Пачуўшы кашаль, маці адразу ўскоквала і падыходзіла да ягонага ложка. Яна мацала яго лоб, цалавала яго ў шчаку і ціха пытала:
— Ты не захварэў, малыш?
— Не-не,— адказваў ён, не расплюшчваючы вачэй.
— Я зараз патушу святло.
— Ды не, чытай.
— Табе нічога не баліць? Тэмпературы быццам бы няма.
— Канешне, не. Я здаровы.
Яна захутвала яго коўдраю па шыю, і ён здзіўляўся, якія лёгкія ў яе рукі. Затым яна вярталася ў свой ложак, тушыла святло і ўключала ў цемры вентылятар, каб ачысціць паветра, а пакуль вентылятар круціўся, яна размаўляла з ім.
— Хочаш, мы перавядзём цябе ў верхні пакой, каля Глума?
— Не, тут лепш.
— Або ў суседні? Яго таксама можна вызваліць.
— Ды не, я сапраўды не хачу.
— Ну а да Альберта? Альберт перабраўся б у іншы.
— Не.
Раптам вентылятар пачынаў круціцца ўсё павольней, і тады ён ведаў, што маці ў цемры націснула кнопку. Яшчэ колькі апошніх абаротаў, скрыгат, і затым — цішыня, удалечыні чутны цягнікі — ляскат і грукат счаплення таварных вагонаў, перад вачамі паўстае надпіс:
— Трэба сказаць Глуму, каб змазаў вентылятар.
— Скажу.
— Так, зрабі ласку, а зараз давай спаць. Дабранач!
— Дабранач!
Але пасля гэтага ён ужо не мог заснуць і ведаў, што маці таксама не спіць, хоць ляжыць зусім ціха. Цемень і цішыня, толькі ўдалечыні прыглушаны грукат з Усходняй таварнай, толькі ўсплываюць і паўстаюць у памяці словы, якія не даюць спакою: слова, якое маці Брылаха сказала кандытару,— гэтае слова было надрапана і на сцяне каля лесвіцы, што вяла ў кватэру Брылаха, і яшчэ новае слова: