Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 2

Генрых Бёль

Астатнія — акрамя Глума і Альберта — трывалых звычак не мелі: Больда часам спускалася ўніз ужо за поўнач і гатавала сабе снатворнае — лісце хмелю, якое яна трымала ў рудым папяровым пакуначку; здаралася, што бабуля заходзіла на кухню, пасля таго як даўно ўжо прабіла гадзіну ночы, рабіла сабе цэлую гару бутэрбродаў з мясам і, заціснуўшы пад пахай бутэльку віна, ішла ў свой пакой. Часам сярод ночы бабуля раптам схамяналася, што ў цыгарэтніцы не засталося цыгарэт — у прыгожай блакітнай парцалянавай цыгарэтніцы, якая ўмяшчала адразу два пачкі. Тады яна сноўдала, шоргаючы нагамі, па ўсім доме, бурчала, шукала цыгарэты — вялікая, з вельмі светлым! валасамі і ружовым тварам; спачатку яна заходзіла да Альберта: толькі Альберт курыў цыгарэты, якія былі ёй да густу. Глум заўсёды курыў люльку, а маміны цыгарэты старой не падабаліся: «Бабская забаўка — мяне нудзіць, як я на іх гляну»; у Больды ў шафе заўсёды было некалькі скамечаных, заляжалых цыгарэт, якімі яна надзяляла паштальёна і манцёра — з гэтых цыгарэт бабуля ўсяляк здзекавалася: «Яны маюць такі выгляд, быццам ты іх вылавіла ў святой вадзе, а затым высушыла, старая мурза,— яны хіба толькі манашкам прынадныя, цьфу!» А здаралася, у доме не было аніякіх цыгарэт; тады Альберту прыходзілася сярод ночы апранацца і ехаць на сваёй машыне ў горад па цыгарэты, бывала, яны разам з бабуляй збіралі па ўсім доме манеты для аўтаматаў. Але тут ужо бабуля не жадала абмяжоўвацца дзесяткам або двума — яна патрабавала ніяк не менш паўсотні цыгарэт у ярка-чырвоных пачках з надпісам — Тамагаўк. Натуральны віргінскі тытунь — вельмі доўгія, бялюткія, вельмі моцныя цыгарэты.

— Толькі каб не заляжалыя, мой дарагі!

А калі Альберт вяртаўся, яна адразу ў пярэдняй абдымала і цалавала я го, прыгаворваючы:

— Калі б не ты, мой хлопчык, ах, калі б не ты... родны сын і той не быў бы лепшым.

Затым яна ішла да сябе, жавала свае бутэрброды — тоўстыя лусты белага хлеба, густа намазаныя маслам і абкладзеныя мясам, піла віно і пакурвала.

Альберт быў амаль такім жа дакладным, як і Глум,— роўна ў адзінаццаць у яго пакоі ўсталёўвалася цішыня,— тое, што адбывалася ў доме пасля адзінаццаці, мела дачыненне толькі да жанчын: бабулі, Больды і маці. Маці ўначы рэдка ўставала з пасцелі, затое яна доўга чытала і курыла слабыя, сплюшчаныя цыгарэты, якія даставала з плоскага жоўтага пачка з надпісам: Мячэць. Натуральны Усходні тытунь. Зрэдку маці адпівала глыток віна і кожную гадзіну ўключала вентылятар, каб прагнаць дым з пакоя.

Але часта вечарамі маці сыходзіла куды-небудзь або прыводзіла да сябе гасцей, тады яго, соннага, пераносілі ў пакой да дзядзькі Альберта, і ён прыкідваўся, быццам не чуе гэтага. Ён не мог выносіць гасцей, хоць і любіў спаць у пакоі дзядзькі Альберта. Калі прыходзілі госці, яны заседжваліся вельмі позна — да дзвюх, да трох, да чатырох гадзін ночы, а то і да пяці, і дзядзька Альберт прасыпаў тады раніцай і не было з кім паснедаць перад школай,— Глум і Больда сыходзілі досвіткам, маці заўсёды спала да дзесяці, бабуля раней адзінаццаці ніколі не ўставала.