Читать «Абеліск» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
На яздзе стала трохі спакайней, толькі часам здавалася, што машына коціць занадта марудна, і я лавіў сябе на тым, што лаю ў думках шафёра, хоць на болей цвярозы позірк, дык ехалі мы звычайна, як і ўсе тут ездзяць. Шаша была гладкая, асфальтаваная і амаль скрозь прамая, як страла, якая ціха пагойдвалася па пакатых узгорках — то ўгору, то ўніз. Стаяў пагодлівы адвячорак апошняй пары бабінага лета са спакойнай празрыстасцю даляў, парадзелымі пералескамі ля дарогі, вольным прасторам ужо апусцелых палёў. Воддаль ад дарогі над лесам пасвіўся калгасны статак — некалькі сот пярэзімкаў (усе як адзін аднолькавай бура-чырвонай масці). Побач тарахцеў увішны палявы працаўнік трактар «Беларусь»— араў пад зябліва. Насустрач ішлі машыны, грувастка нагружаныя льном-трасцой — везлі на льнозавод. У прыдарожнае вёсцы Будзілавічах ярка чырванелі ў гародчыках апошнія дацвітаўшыя вяргіні, на гародах у разораных барознах з палеглым каліўем капаліся вясковыя цёткі і маладзіцы — выбіралі бульбу. Прырода поўнілася мірным спакоем восеньскай зморанасці і лагодай, людская задаволеная нетаропкасць адчувалася ў мерным рытме адвечных сялянскіх клопатаў, калі ўраджай быў ужо вырашчаны, большасць звязаных з ім турботаў засталася ззаду, цяпер яго трэба было толькі сабраць, падлічыць, упарадкаваць.
Гэта міратворная раскоша прыроды мяне аднак ніколькі не супакойвала, а толькі гняла і раздражняла. Я спазняўся, адчуваў гэта, перажываў і кляў сябе за ляноту, душэўную чэрствасць. Думалася на дзіва пакаянна з нейкай самакрытычнай бескампраміснасцю: ніякія мае ранейшыя прычыны не здаваліся цяпер слушнымі, ды і наогул — ці былі якія прычыны? З такой медзведзяватаю разваротлівасцю нядоўга было дашчэнту пражыць адведзеныя табе гады і нічога не зрабіць з таго, што, можа, толькі і магло скласці гонар твайго жыцця. Дык прападзі яна пропадам, тая нікчэмная мітусня дзеля бясконцага, ненаежнага дабрабыту, калі праз яе застаецца ўбаку самае важнае. Мусіць, тым самым абіраецца і абясцэньваецца ўсё жыццё, якое толькі здаецца аўтаномным, адасобленым ад іншых людскіх жыццяў, скіраваным на тваім, асабістым кірунку. На самай жа справе, як гэта не сёння заўважана, калі яно і напаўняецца чымсь значным, дык гэта разумнаю добрасцю і клопатамі аб іншых — блізкіх ці хоць бы далёкіх табе людзях, якія маюць патрэбу ў гэтым тваім клопаце. Аддаць, а не ўзяць або адчуць задаволенасць аддаючы — як неахвотна і спазнела прыходзіць чалавек да гэтай не новай, такой зайздросна простай высновы… На самай справе, чаго варта жыццё толькі дзеля здавальнення свайго, такога дробязнага, самалюбівага, капрызлівага і ненасытнага Я?
Мабыць, гэта лепш за другіх разумеў Міклашэвіч.
I, здаецца, не было ў яго асаблівых для таго прычын, надзвычайнай адукаванасці ці адмысловага выхавання, якія б яго вылучалі з кола ягоных бліжніх. Гэта быў звычайны сельскі настаўнік, мабыць, не лепшы і не горшы за тысячы іншых гарадскіх і сельскіх настаўнікаў. Праўда, я чуў, што ён перажыў страшную трагедыю ў вайну і цудам уцалеў ад «мерці. I яшчэ — што ён быў дужа хворы. Для кожнага, хто яго бачыў упершыню, было відавочна, як уходала яго тая хвароба. Але я не чуў, каб ён паскардзіўся на яе ці даў каму зразумець, як яму трудна. Успомнілася, як мы пазнаёміліся з ім у часе перапынку на нейкай настаўніцкай канферэнцыі. Ён стаяў тады, з кімсь размаўляючы ля акна ў шумлівым вестыбюлі гарадскога Дома культуры, і ўся яго надта худая вастраплечая постаць з выпнутымі пад пінжаком лапаткамі і худой доўгай шыяй здалася мне ззаду на дзіва недарослай, амаль хлапечай. Але варта было яму праз момант павярнуцца да мяне сваім непрыемна абвялым, густа зморшчаным, шэрага колеру тварам, як стала відаць, што гэта даволі патрапаны жыццём, амаль пажылы чалавек. На справе ж — і я гэта ведаў дакладна — у той час яму ішоў толькі трыццаць чацвёрты год.