Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 59

Васіль Быкаў

Ну але што ж тады рабіць з гэтай зграяй?

Ваўкі, мусіць, таксама адчулі, што іх тэрыторыя хутка скончыцца і пачнецца тая, дзе яны не гаспадары. I яны пачалі смялець. Яны абышлі людзей з абодвух бакоў і пасталі на снезе, чакаючы, што ж тыя будуць рабіць далей.

Наперад, аднак, можна было ісці.

Каб скарыстаць гэтую адзіную пакуль што магчымасць, Ляўчук перакінуў цераз галаву почапку аўтамата, напяўся, напружыўся, узваліў на сябе Колабава. На тым месцы, дзе ляжаў паранены, засталася цёмная пляма крыві, і ён падумаў, што, мабыць, гэтая кроў падахвочвае ваўкоў, абяцаючы ім спажыву. Але ўжо чорта! Калі гэта Зароўе, дык трэба хутчэй перайсці цераз возера, а там, здаецца, была яшчэ нейкая вёска, можа, у ёй няма немцаў, значыць, ёсць добрыя людзі, яны памогуць.

Ён не дайшоў да трыснягу, можа, якіх дзесяць крокаў, як адна ягоная нага нечакана шаснула ў глыб снегу, ён ірвануўся ўбок і праваліўся абедзвюма. Адразу ж адчуў, што трапіў у ваду, мусіць, тут была якая крыніца ці яшчэ няўмерзлае балота. Разварушыўшы снегавую кашу, Ляўчук неяк выграбся на цвярдзейшае, ужо ведаючы, што па калені мокры, у валёнках ужо сцюдзёна захлюпала вада. Ад прыкрасці ён вылаяўся, калі згадаў, як перад выхадам на гэта заданне спецыяльна памяняўся з Башлыком абуткам — аддаў яму свае спраўныя боты, а ўзяў гэтыя валёнкі. Не паспеў ён цяпер адысціся ад гэтай праваліны, як адчуў, што мароз сталёвымі абцугамі ашчапервае ягоныя ступні — як было ісці далей?

З Колабавым на спіне ён ледзьве давалокся да азёрнага берага, пралез трыснёг, яшчэ разы два праваліўся, але не так глыбока, як першы раз, і не да самай вады. Зрэшты, цяпер, мабыць, было ўсё роўна, можна было ісці і па вадзе — да каленяў яго ногі былі ўшчэнт мокрыя і мерзлі. Асабліва нясцерпна стала на лёдзе, з якога вецер месцамі паздзімаў снег, Ляўчук застукаў цвёрдымі валёнкамі, паслізнуўся, ледзьве не ўпаў. Ён прайшоў нямнога, але адчуў, што павінен спыніцца, інакш упадзе разам з Колабавым. Тады ён асцярожна апусціўся каленямі на прысыпаны снегам лёд і асцярожна паклаў побач Колабава.

Нейкі час ваўкі яшчэ беглі ленаю рыссю следам за важаком з адтапыраным вухам; але спыніўся важак — і спыніліся ўсе астатнія. Яны чакалі, і Ляўчук раптам страціў цярпенне. Ад усіх гэтых бед, што сёння адна за адной сыпаліся на яго галаву, цяжка было стрымацца, ён гучна і злосна вылаяўся, даўшы выйсце сваёй роспачы. Страляць было нельга, бегчы таксама — няўжо ім прыйдзецца загінуць на гэтым праклятым возеры ў паўкіламетры ад гарнізона, поўнага немцаў і паліцыі?

Мусіць, ваўкі адчулі бездапаможнасць людзей і зрабіліся больш смелыя і нават нахабныя. Пакуль Ляўчук з Колабавым нерухома ляжалі на лёдзе, яны абышлі іх паўколам і закрылі дарогу наперад. З гэтага іх паўкола заставаўся толькі выхад назад, зноў у лес, дзе ў ваўчыным парадку быў разрыў крокаў на дваццаць. Тры іншыя бакі яны занялі, шырока разышоўшыся па лёдзе, і, не падыходзячы, аднак, бліжэй, насцярожана пазіралі на людзей.