Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 57

Васіль Быкаў

Мабыць, апоўначы ён выбраўся з лесу. Хвойнік скончыўся, пачаліся нейкія хмызнякі, драбналессе, стала зусім ціха. У бязмесячным небе раямі мітусіліся зоркі, ціснуў добры мароз. Ляўчук даўно адчуваў яго найперш сваімі рукамі, якімі ён увесь час трымаў на сабе Колабава — рукі мерзлі так, што, здавалася, адмярзаюць зусім. Целу і нагам у валёнках было горача, нутро аж гарэла ад стомы, пара валіла з рота, а рукі зайшліся так, што ён ледзьве трываў. З Колабавым яны не размаўлялі, мусіць, той быў непрытомны або проста не мог гаварыць.

Невядома, на колькі кіламетраў яны адышліся ад чыгункі і колькі мінула часу, толькі Ляўчук усё пільней пачаў узірацца ў мясцовасць і не пазнаваў яе. Ён проста не ведаў, куды трэба было ісці, бо на шляху сюды не дужа што прыкмячаў, тады іх вёў Крук, які цяпер прапаў невядома дзе. Тым часам вялікі лес скончыўся, пачаўся хмызняк, нейкія пералескі, можа, нават умерзлае балота, і нічога не было відаць. Добра яшчэ, што снег быў неглыбокі і асабліва не замінаў хадзе.

З цягам часу прыпынкі рабіліся ўсё часцейшыя, змора брала сваё, рукі адмярзалі, і ён нічога не мог з гэтым зрабіць, ён выбіваўся з сілы. Да слёз у вачах ён глядзеў-узіраўся ў зімовыя прыцемкі, думаў, можа, дзе трапіцца вёска, толькі яна магла ўратаваць іх абодвух. Праўда, надзеі на тое было не шмат — мясцовасць навокал была дзікаватая, у такой не хутка натрапіш на вёску, тым болын у цемры. I ён каторы ўжо раз, стаўшы на калені, узвальваў на сябе страшзнна пацяжзлае цела Колабава і ішоў некуды ў ноч праз хмызняк і чэзлыя кусты — у той бок, дзе, здавалася яму, была пушча.

Ён заўважыў іх у часе аднаго прыпынку, як толькі паклаў на снег Колабава і рукавом разадранага маскхалата выцер спатнелы лоб. Спярша здалося ў марозных прыцемках, што гэта чалавек, які таксама выпнуўся ў рэдкалессі з-за якога кусціку і прылёг. Але, угледзеўшыся, Ляўчук зразумеў — воўк! Той стаяў на снезе ў паўсотні крокаў адсюль і насцярожана ўзіраўся ў двух знямоглых у белым людзей — нібы чагосьці чакаў. Ляўчук не адчуў ад таго вялікага страху — падумаеш, воўк! У іх была вінтоўка ды аўтамат Колабава, што ім які згаладнелы воўк? Ляўчук нават крыху падняўся, сеў раўней і разы два махнуў у той бок — маўляў, прэч, дурань!

Але воўк толькі стрыгнуў вушамі і крыху павёў мордай, калі аднекуль ля яго з'явіўся яшчэ адзін, а затым два гэткіх жа, як і першы, перахлябістых, насцярожаных, да нечага гатовых драпежнікаў. Ляўчук адчуў, як раптоўна схаладнела ў яго разагрэтым ад стомы нутры: чатыры ваўкі ў ягоным становішчы — гэта ўжо не жарты. Падумаўшы, што ваўкі, мабыць, кінуцца на іх, Ляўчук узяўся за аўтамат, які вісеў у яго на грудзях, адубелымі пальцамі намацаў рукаятку затвора. Аднак ваўкі, здаецца, не выказвалі ніякага намеру кідацца, яны стаялі між чэзлых кусцікаў — тры наперадзе і адзін трошкі ззаду — і чакалі чагось. Чаго толькі?