Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 58

Васіль Быкаў

Ягоная трывога, мабыць, перадалася і Колабаву, той прыўзняўся за ягонай спіной і таксама ўгледзеўся ў начны аснежаны прыцемак.

— Сволачы! Яшчэ не хапала…

Не зводзячы з іх вачэй, Ляўчук падняўся на ногі, зрабіў некалькі крокаў да кусцікаў. Ваўкі без асаблівага страху таксама адышліся на некалькі крокаў. Што было з імі рабіць?

Вярнуўшыся да Колабава, Ляўчук узваліў яго на спіну і пайшоў. Ідучы, яму было цяжка сачыць за імі з прыгнутаю галавой, ён ледзьве бачыў пад ногі, але адчуваў, што ваўкі не адсталі. Яны ішлі поруч, паралельным напрамкам і чагось усё пільнавалі. Мусіць, трэба было б секануць па іх аўтаматнай чаргой, тады, можа, адсталі б. А можа, наадварот — не варта чапаць іх, яны ж пакуль што не чапаюць. Можа, яны так пройдуць нядоўга ды і скіруюць куды сваім шляхам. Навошта ім людзі?

Але ў гэтых драпежнікаў, відаць, былі ўсё ж нейкія свае намеры наконт гэтых двух ушчэнт знямоглых, ледзьве жывых людзей, і яны не адставалі. Тым часам кусты канчаліся, наперадзе забялела вялізная разлога поля, Ляўчук з надзеяй падумаў, што, можа, там будзе якая, вёска і гэтыя стварэнні адстануць. На краі поля ён паволі апусціўся каленямі ў снег, затым лёг на бок, зваліў з сябе Колабава і не адразу падняў галаву, каб глянуць, куды ж скіравалі ваўкі. Але ваўкі былі тут, яны прыкметна асмялелі і падышлі яшчэ бліжай. Рослы пярэдні воўк, з адным трохі карацейшым за другое вухам, наблізіўся да іх, можа, крокаў на сорак і стаяў, чагось упарта чакаючы. Два стаялі трохі далей, а чацвёртага чамусьці не было відаць, і Ляўчук здзівіўся: куды ж ён прапаў? Але доўга дзівіцца яму не давялося — азірнуўшыся, ён убачыў, як, абыходзячы гушчарок, дзе снег быў глыбейшы, па другі бок ад іх шыбаваў яшчэ адзін вывадак. На чыстым, прытуманеным удалечы снезе былі добра відаць чатыры звяры, якія борздзенька абыходзілі іх з таго боку.

Леўчуку стала моташна. Ужо з пэўным намерам ён зняў цераз голаў почапку аўтамата, каб урэшце адагнаць гэтую зграю. Але толысі ён пацягнуў затвор, як побач слаба заварушыўся Колабаў.

— Пастой, ты што?

— А што? Глядзі, іх ужо сямёра.

— Дзе мы — ты бачыш? — цяжка прахрыпеў Колабаў, і Ляўчук угледзеўся ў прыцемак, стараючыся згадаць, куды яны выйшлі. Сапраўды, лес яны ўвесь перайшлі, наперадзе ў полі нешта шарэла, але не хмызняк і не быльнік — як, прыгледзеўшыся, здагадаўся Ляўчук, то быў напалову засыпаны снегам трыснёг, і за ім цьмела роўная белая аблога. У баку ад гэтай аблогі, мабыць, падымаўся пагорак, але там, пад цёмным і зорным небам, нічога не было відаць.

— Зароўскае возера, — пасля паўзы сказаў Колабаў і аблегся на снег.

— Зароўскае?

Ляўчук нямала здзівіўся — куды ж яны трапілі? Але, мусіць, так. Тая чысцюткая снегавая разлога за трыснягом, якую ён палічыў полем, аказалася возерам. Возера, вядома, для іх — не вялікі страх, мабыць, яно ўмерзла. Страх быў у іншым, і гэта стрымала Леўчука ад таго, каб пусціць чаргу ў ваўкоў. На тым доўгім пагорку, што ледзь угадваўся ў цемры, ведаў Ляўчук, раскінулася немалая вёска Зароўе, якую яны заўжды абыходзілі як мага далей, бо там быў нямецкі гарнізон з дзотамі, траншэямі, бункерамі, кругласутачнай вартай і патрулямі. Страляць тут, пад носам у гарнізона, было б самагубствам. Асабліва ў іхнім становішчы.