Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 56

Васіль Быкаў

Лезці цераз бязладна наваленыя ўздоўж лініі сукаватыя дрэвы — бярозы і хвоі — было нялёгка, пакуль ён адолеў гэты завал, мінула, мабыць, нямала часу, і нешта на чыгунцы змянілася. Можа, раней часу пачалі свой абход патрулі, а можа, якое начальства з праверкай выйшла на лінію. Ім з завалу не дужа было відаць, што там здарылася, толькі раптам прагучаў крык, чарга трасірных куль сцебанула па насыпе і з віскам пранеслася па-над завалам. Пасля ўдарыў кулямёт з бункера. Каб неяк ратаваць таварыша, яны з-за паваленага дрэва некалькі разоў стрэлілі туды з вінтовак, але кулямёт сыпануў па завале такой густою чаргой, што яны сунулі галовы пад камель дрэва і ляжалі так хвілін пяць, не рызыкуючы паварушыцца. I менавіта ў такі час Ляўчук пачуў зводдаль слабы крык Колабава і зразумеў, што з ім сталася ліха.

Кулямёт аж захліпаўся, вогненнымі струменямі куль абсыпаючы ўвесь завал, страчылі патрулі з-за насыпу, а Ляўчук цераз вывараціны і сучча кінуўся па той бок, да лініі. Згубіўшы рукавіцы і разадраўшы рукаў ватоўкі, ён выбраўся ўрэшце з завалу і адразу наткнуўся на Колабава, які ў акрываўленым маскхалаце ляжаў каля сукаватай рагаціны-хвоі; перабрацца цераз яе ў камандзіра ўжо не было сілы. Ляўчук моўчкі ўхапіў яго пад пахі, абпоўз вывараціну, пад шквалам агню пераваліў яго цераз другўю, коса паваленую хваіну. Колабаў маўчаў, толькі стагнаў, сцяўшы зубы, з адной калашыны яго маскхалата лілася на снег чорная кроў. Макрэючы на марозе ад поту, Ляўчук хвілін праз пятнаццаць усё ж адолеў гэты завал, выпаўз на яго лясны бок і не знайшоў хлопцаў. Ён падумаў, што, можа, яны адбегліся далей у лес, пад агнём з бункера ўзваліў на сябе Колабава і, сагнуўшыся да самай зямлі, хутка пасігаў між дрэў — далей ад гэтага агнянага пекла, якое грымела, гуло, клекатала, здавалася, на дзесятак кіламетраў вакол.

Ён думаў, што Філіпаў з Крукам усё ж недзе блізка і пярэймуць яго, але ён брыў у сасонніку з паўгадзіны, а іх нідзе не было. Здорава ўходаўшыся, упаў на снег і не хутка падняўся. Страляніна ззаду быццам сціхала, хоць кулямёт яшчэ і трашчаў, але тут, у лесе, яго вогненных чэргаў ужо не было відаць, і гэта давала надзеі. Колабаў усё маўчаў, толькі часам скрыгаў зубамі, і Ляўчук падумаў, што, мабыць, камандзіру папала здорава. Аддыхаўшыся, ён спрабаваў перавязаць яго і расшпіліў штаны, але ўсё там было заліта загусцелай крывёй, і ён нават спалохаўся. Ён зняў з сябе тонкую сваю папружку, два разы абматаў ёй параненае сцягно Колабава, каб хоць спыніць кроў. Затым, прыслухоўваючыся да наваколля, доўга нёс камандзіра цераз маўклівы насцярожаны лес, але хлопцаў нідзе не сустрэў. Спярша ён злаваўся, падумаўшы, што яны ўцяклі, але так далёка ўцякаць, мабыць, не было патрэбы. Значыць… Значыць, хлопцы засталіся ў тым завале, можа быць, назаўжды. Пад такім агнём гэта было проста.