Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 54

Васіль Быкаў

Па зарослай рамонкамі мяжы ён выскачыў з жыта і зараз жа задам падаўся назад. Ды было, мусіць, позна. Па нешырокім травяным узмежку між жытам і лесам напярэймы яму беглі двое. Угледзеўшы яго, адзін штось крыкнуў, паказваючы другому, той адразу ж укленчыў, і праз секунду першая куля ўдарыла яму пад ногі. Прыгнуўшыся, Ляўчук кінуўся назад праз жыта, пашыбаваў упоперак нівы, аж пакуль тая не скончылася, і выскачыў на забалочаную лугавіну з някошанай асакаватай травой. Гэта яго надта ўстрывожыла: тут, на лугавіне, месца яму не было, тут яго проста маглі падстрэліць. Ды і сілы ў яго ўжо не засталося, сэрца гулкім грукатам поўніла грудзі, лёгкім не хапала паветра. Тады ён спыніўся, дастаў з кабуры свой парабелум і гучна лязгнуў затворам, даслаўшы першы патрон у патроннік.

Неўзабаве паказаліся яго даганятыя; выглянуўшы над жытам, ён згледзеў іхнія пілоткі і стрэліў два разы запар. Пілоткі зніклі, ён выглянуў зноў і, калі першая вытыркнулася з жыта, стрэліў яшчэ раз. Пасля з пісталетам у руцэ знясіленым подбегам патрухаў краем пожні наўскос ад жыта, бліжэй да алешніку.

Бегучы, аднак, ён адчуў, што не паспее, што неўзабаве выскачаць з жыта тыя. I ён стараўся з усяе моцы, толькі моцы тае ў яго амаль не засталося. Ён з паныласцю заўважаў, што ўсё болей выбіваецца з сілы, крок яго робіцца вялы, ногі падкошваюцца, і ён не можа сабе даць рады.

Ён азірнуўся, калі ззаду зноў бахнуў стрэл, і куля дзесь вельмі блізка прайшла ля яго. Але і тады ён не паскорыў бегу, наадварот, амаль перайшоў на крок. Яго даганяты спыніўся на ўскрайку жыта, стрэліў з рукі, пасля перазарадзіў вінтоўку і ўкленчыў, упёршы локаць у калена. Так, вядома, цэліцца стала ямчэй, і можна было ўдарыць напэўна. Але ўсё роўна Ляўчук не пабег. Апроч таго, што не было сілы, нешта ў ім надарвалася ў гэтай бясконцай барацьбе за жыццё, ён толькі ў думках сказаў таму: «Бі, сабака!» і хісткім крокам пашкандыбаў да алешніку.

Яму ўжо заставалася зусім недалёка, каб затуліцца ў кустах, як даганяты зноў стрэліў. Куля імпэтна прарэзала ў дзірване з-пад яго ног касую чорную адмеціну, выбіўшы прэч траву, і зрыкашэціла ў неба. «Давай, давай!» — сказаў ён сабе і, не азіраючыея, брыў далей. Ён выразна адчуваў, што куля ў любое імгненне можа навылёт пранізаць яго цела, але што ён яшчэ мог зрабіць?