Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 53

Васіль Быкаў

У асеці таксама, мусіць, было не лепш, хоць земляная прысыпка на столі пакуль што ратавала яе ад агню, але полымя на страсе дабіралася ўжо і да асеці. Праз некалькі хвілін дзверы з яе рэзка адчыніліся і, зайшоўшыся ў кашлі, на парог павалілася Клава.

— Я не магу… Не магу болей! Ляўчук! Я пайду да іх! Каб вам… Ратуйце малога!..

— Маўчы! — прыкрыкнуў на яе Ляўчук. — Я табе пайду! А ну паўзі сюды…

Яна падпаўзла, усё кашляючы, і ён пасунуўся ад дзвярэй, даючы ёй месца побач з сабой ля парога. Адна палавінка дзвярэй была трохі прыадчынена, у яе задзьмуваў вецер і круціў дым, які валіў — не зразумець куды — ці ў ток, ці з тока. Ляўчук пацягнуўся і аўтаматам папіхнуў яе далей — дзверы расчыніліся шырай. Зноў трахнуў стрэл, другі, адна куля ўдарыла ля самай клямкі і расшчапіла дзвярную раму; другая прайшла, мабыць, міма. Тады ён крыкнуў Грыбаеду: «Трымай!», каб дзверы не зачыніліся, а сам крутануўся да Клавы.

— Давай! Чуеш! Давай хутка паўзком за маліннік!

Яна падняла на яго заліты слязьмі твар і, прытуліўшы да сябе малога, глядзела на Леўчука, баючыся ці, можа, не разумеючы, чаго ён хоча. Але часу ў іх заставалася ўсё менш, ужо зырка гарэла палавіна тока, полымя асядала ніжэй і ў тым канцы ўжо жэрла верхнія вянцы зруба, было так горача, што, здавалася, яны вось-вось загарацца самі. I Ляўчук, спалохаўшыся, што спозніцца, папхнуў яе да дзвярэй, яна пакорліва паднялася на кукішкі і бокам вывалілася за прыкрытую палавіну ў маліннік. Ён чакаў стрэлу, але стрэл замарудзіў, мусіць, яе схаваў дым з дзвярэй, і тыя, ад паветкі, яе не адразу заўважылі.

— Грыбаед, бі! Па іх бі! — крыкнуў Ляўчук, а сам, рызыкуючы згарэць ці задыхнуцца ў дыме, кінуўся па драбінах на асець. Яму трэба было прыкрыць яе агнём зверху, не даць застрэліць каля пажару ці злавіць у жыце, куды яна павінна была падацца. Выразна ён сам не ведаў, як памагчы ёй, не ведаў нават, колькі ў яго было патронаў у дыску, але ён узляцеў пад самы агонь на асець, да дзіркі ў шчытку.

Жыта вакол густа засцілаў дым, пасвяжэлы вецер гнаў яго клубамі ў поле; задыхаючыся, Ляўчук слізгануў па ім позіркам і не ўбачыў нікога. Магчыма, яны застрэлілі яе ў малінніку, ці яна ўжо адбеглася далей або схавалася ў жыце. Сапраўды, дзве цёмныя постаці з-пад алешніку таропка стралялі кудысь праз дым, і ён, ухапіўшы ротам паветра, хуценька скіраваў на іх аўтамат. Ён выпусціў па іх з полымя і дыму ўсё, што яшчэ заставалася ў дыску, затым зноў схапіў гарачага паветра, якое апякло яго грудзі, і адчуў, што задыхаецца. У вачах у яго пацямнела, ён спалохаўся, што страціць прытомнасць, і, трохі затрымаўшыся левай рукой, рынуўся праз дзірку ў маліннік.

Ён моцна ўдарыўся сцягном аб камень, але зараз жа ўскочыў, адчуўшы, як аднекуль з-пад рук рыкашэтам пырснула куля, яна не зачапіла яго, і ён двума скачкамі, прыгнуўшыся, шыбануў у жыта. Тут яго адразу накрыла воблакам дыму, ён зноў задыхнуўся і, заблытаўшыся ў калівах, упаў, затым ускочыў, пабег, — ён з усяе сілы імкнуў ад агню, ад тока, дзе ляскалі стрэлы і, мусіць, беглі ўжо немцы. Пачалі біць і збоку — засланыя дымам каласы перад ім прашыла нізкая агніста-зеленаватая траса з алешніку, і ён кінуўся ў другі бок, далей у поле, бо шлях у алешнік быў ужо адрэзаны. Дыму, аднак, станавілася менш, ён гарачым туманам распаўзаўся над жытам, і Ляўчук, прыгнуўшыся, з усіх сіл шыбаваў і шыбаваў у ім, часам падаў, ускокваў і бег зноў. Ззаду па ім усё стралялі, нават штосьці крычалі, але ён не слухаў, ён хацеў адбегчыся як мага далей. Яму трэба было ў лес, хоць бы ў той самы алешнічак, бо ён разумеў, што ў полі паратунку яму не будзе. I ён пачаў забіраць убок, перабег адну, другую мяжу, увесь час прыгінаючыся і памагаючы сабе рукамі. На боль у правым плячы ён даўно не зважаў, ён толькі сціскаў сківіцы, калі рабілася асабліва балюча, кепку сваю ён недзе згубіў, пот заліваў лоб, шчокі і разам з дымам выядаў вочы. Пасля страляць у яго бок неяк перасталі, і ён рашыў, што ўратаваўся. Толькі трэба было ў алешнічак.