Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 41

Васіль Быкаў

А можа, ён доктар у якой вялікай бальніцы, робіць аперацыі і лечыць людзей? Ляўчук ведаў, як гэта важна — умела лячыць людзей, бо сам пасля вайны часта наведваўся ў бальніцы, быў нават у санаторыі інвалідаў вайны ў Крыме. Там жа ў яго адбыўся прыкры канфлікт з доктаркай, якая яго зняважыла. Зрэшты, можа, гэта была і не знявага, а толькі непаразуменне, але тады ён падумаў, што калі б на яе месцы быў доктар-мужчына, дык ніякай сваркі і не адбылося б. I ён некалькі разоў пасля нават сасніў, што яго лечыць ён, хоць і не пазнае, і Ляўчук не мог яму расказаць пра сябе, бо ці ён паверыць? Сапраўды, адна толькі ягоная памяць, якія яшчэ ў яго доказы?

Вядома, ён мог стаць кім хочаш — нават і ў галаву не адразу прыйдзе, кім ён можа быць у гэтым жыцці, калі ўдаўся, здатны на розум, вучоны. Вучоны — дык гэта ўжо пэўна. Скончыў інстытут і яшчэ нешта, можа, нават кандыдат, ці як яны там называюцца, тыя вучоныя. Адна дзеўка з іх вёскі выйшла ў горадзе замуж за дужа вучонага, улетку разам прыязджалі да маці, і яна інакш не называла яго, як мой кандыдат. А маці, ведама, трохі цемнаватая жанчына, усё пераблытала і разы два назвала яго дэпутатам. Але не пакрыўдзіўся.

Напэўна, яшчэ ён гаспадарлівы, любіць лічыць капейку і ўжо, вядома, не надта захапляецца чаркай — гэта такая брыдота цяпер сярод маладзейшых. Праўда, Ляўчук і сам некалі меў такі грэх, але ўжо даўно выпівае толькі ў свята ці з якой нагоды, калі, напрыклад, прыедуць госці. Ну, але сваё жыццё — не яму ў прыклад, ён павінен быць лепшы.

Яшчэ ен не лаецца — ні ў якім разе. Не тое, каб зусім не казаў калі грубага слова, але ўжо не так, як некаторыя з цяперашніх — што ні два словы, то мацюкі. Такіх Ляўчук не паважаў ніколькі, хоць бы яны былі вунь якія вучоныя ці нават начальнікі. Гэта ў вайну, сярод крыві, голаду, смерцяў, сварыліся і лаяліся, а цяпер завошта? Чаго цяпер не хапае ў жыцці?

Але кім бы ён ні быў па прафесіі ці пасадзе, найперш павінен быць чалавекам. Ляўчук не ўкладваў у гэта паняцце якога складанага ці філасофскага сэнсу, гэта ў яго фармулявалася проста: каб быў добры, разумны і ўдачлівы, але не за кошт другіх. Ён дужа ўжо шмат нагледзеўся ў жыцці на розных спрытнюгаў, якія ладзілі свой дабрабыт за кошт іншых і былі разумныя з выгодай для сябе, з найбольшай для сябе карысцю. Такіх Ляўчук ненавідзеў, як можна было ненавідзець на вайне тых, хто спрабаваў выжыць цаною гібелі іншых. Сам ён ніколі нідзе не схітрыў, нікога не ашукаў з карысцю для сябе, гэта яму было агідна, і ен ненавідзеў тыя малыя ці вялікія хітрасці ў іншых.