Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 40

Васіль Быкаў

Але гэта быў клопат наогул, можна нават сказаць, на пасля, галоўная ж турбота з Клавай, здаецца, уладзілася, мабыць, уладзяцца як-небудзь і астатнія.

Бульба кіпела, і каб даведацца, ці зварылася яна, Ляўчук усё поркаў у казанок праціркай ад Ціханавага аўтамата, якую выняў з прыклада. Працірка, аднак, лезла туга, трэба было яшчэ варыць, і ён падкдадваў у агонь, што знаходзіў паблізу — абломкі струхлелых палак, дошку, паламаў тонкую жардзіну з плота. Грыбаед неяк стомлена сядзеў на баране пад страхой і заклапочана пазіраў на агонь.

— Ну што невясёлы, дзед? — запытаў Ляўчук. — Усё ж добра.

— Добра, ды не ўсё, — уздыхнуў Грыбаед.

— Ну, а што? Ціханаў?

— А хоць бы і Ціханаў. Малады яшчэ… Хіба жыць не хацеў?

— Жыць усім хочацца. Ды не ўсім выходзіць.

— Во пра тое і думаю. А тут малое…

Малое, канечне, не ў час, нават вельмі не ў час, падумаў Ляўчук. Калі б хоць на які тыдзень раней, калі не было гэтай блакады, а цяпер сапраўды, як яна будзе з малым у чужых людзей, якіх немаведама дзе знайсці ў гэтым зруйнаваным, папаленым краі.

— Відаць, трэба яшчэ каго пашукаць, — сказаў Ляўчук. — А то чорт яго знае — нешта няма нікога.

Грыбаед сядзеў моўчкі і засяроджана глядзеў у агонь, і Ляўчук, у якога ўжо падцягнула жывот, махнуў здаровай рукой:

— Ладна. Спярша паямо бульбачкі, а там відаць будзе.

9

…Ён прасядзеў у двары гадзіну, не менш, сонца схавалася за дахам суседняга дома, і двор патануў у шырокім, гектара на паўтара, цені. Да Леўчука ніхто не падыходзіў і не трывожыў яго на зручнай дошчачцы-лаўцы, двор жыў сваім звыклым для яго жыццём — дзеці забаўляліся кожны сваім, дарослыя спяшаліся па справах ці займаліся кватэрнай гаспадаркай — зводдаль ад парога трэслі палавікі, падмяталі дарожкі; насупраць ля плота выбівалі цяжкія стракатыя дываны, і магутнае баханне выбівалак аддавалася гулкім далёкім рэхам. Бабулькі пасядзелі яшчэ крыху без сонца і пайшлі ў свае кватэры, а мужчыны ля недалёкага гаража ўсё калупаліся ў чэраве разабранага імі «Масквіча». Там жа круцілася некалькі цікаўных хлапчукоў.

Ляўчук добра ўжо вывучыў гэты двор, усе яго куты і закуткі. Увогуле тут яму падабалася — чыста, дагледжана, толькі залішне шмат гаманы, людзей — як на кірмашы ў свята. Праўда, на ўсё, мусіць, патрэбна прывычка. Ён жа за жыццё прывык да вясковае цішыні, якая рэдка калі парушаецца гаманой, а болей галасамі жывёлы, курэй, далёкім тарахценнем трактара ў полі. Тут жа гамана, і грукат, і тарахценне — усё разам.

Перабіраючы ў памяці рознае з таго, што тады з ім здарылася, Ляўчук усё не мог пазбавіцца ад думкі-пытання — хто ён цяпер? I які ён? Часам Ляўчук увачавідкі бачыў яго высокую постаць са спакойным неспяшлівым поглядам разумных вачэй, добразычлівай усмешкай да кожнага, знаёмага ці не, гатовым павітацца і загаварыць, калі трэба. Ён не любіў нахмураных і маўклівых людзей, хоць сам не дужа быў гаваркі, ну але гэта сам. Ён жа павінен быць ва ўсіх адносінах лепшы. Магчыма, ён інжынер, спецыяліст па машынах ці розных механізмах, якіх цяпер процьма ўсюды. Можа, нават сам робіць машыны, аўтамабілі, напрыклад. Аўтамабілі Ляўчук паважаў здаўна, некалі нават марыў стаць шафёрам, калі б не рука. Але з адною рукой не дужа кім станеш. Гады тры назад у іхні калгас прыязджалі з горада інжынер і тры тэхнікі, ладзілі на ферме кармакухню, ён тады трохі пагутарыў з імі — спадабаліся дужа, і Ляўчук нават падумаў: можа, і ён таксама спецыяліст высокага класа. Увогуле было прыемна.