Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 39

Васіль Быкаў

— Нішто, нішто…

— Во цяпер нас зноў трое мужыкоў,— другім голасам сказаў Грыбаед. — Чым толькі карміцца будзем?

Ляўчук схамянуўся. Ён, які дагэтуль адчуваў тут сябе амаль што лішнім, зразумеў свой абавязак, схапіў казанок і выскачыў з тока. Пралезшы праз гушчар алешніку, ён левай рукой пачаў выдзіраць бульбоўнік, за карэннем якога дзе-нідзе цягнуліся з зямлі невялічкія, па галубіным яйку, бульбіны. Ён асабліва не ашчаджаў ні барознаў, ні каліўя, якое рваў і кідаў, разграбаў рукою зямлю і выбіраў буйнейшыя бульбіны. Яго поўніла нейкае новае, яшчэ не зведанае ці забытае ім пачуццё далучэння да звычайнага людскога жыцця, якому няма ніякае справы да іх вайны, і яго адносіны да Клавы цяпер увачавідкі мяняліся з нядбайна-прыдзірлівых да шаноўных. Цяпер яна была для яго не тая гарэзная Клаўка, якую ён некалі прывёз у атрад, і не партызанская дзеўка, якая нагуляла дзіцёнка хоць бы і з іхнім паважаным начальнікам, а найперш — проста жанчына-маці, дагледзець якую было іх абавязкам. А ён прадчуваў, колькі яшчэ дастанецца ёй у гэтым яе неспадзяваным лясным мацярынстве, і хацеў хоць напачатку зменшыць усё тое нялёгкае, што наканаваў ёй яе партызанскі лёс. Як ні дзіўна, але менавіта цяпер ён упершыню за шмат год адчуў сябе не байцом-партызанам, не разведчыкам ці кулямётчыкам, а найперш чалавекам, гэта было нова і надзвычай прыемна. Так, нібы не было ўжо і вайны.

Уздзеўшы за спіну аўтамат, ён пачаў завіхацца з бульбай — перамыў яе ў ручаі, набраў вады ў казанок, зноў раздзьмуў вогнішча і прыладзіў да яго казанок.

— У мяне солі ёсць трохі,— сказаў Грыбаед, калі, выйшаўшы з тока, убачыў на вогнішчы бульбу.

— Ды ну! Можа ў цябе і хлеб ёсць? — іранічна перапытаў Ляўчук.

— Не, хлеба няма. А пасаліць трохі будзе. Ён укленчыў ля агню, дастаў з нагруднай кішэні фрэнча чырвоную анучку, разгарнуў яе, затым яшчэ разгарнуў паперку і двума пальцамі ўзяў крышачку солі.

— Болей бяры! Што гэта твая шчопаць! — сказаў Ляўчук.

Грыбаед узяў трошкі болей, але, памеркаваўшы, адсыпаў і трыма пальцамі кінуў некалькі драбкоў солі ў казанок.

— Ашчаджаць трэба. Дзе яе возьмеш пасля…

— Ну як там Клаўка? — запытаў Ляўчук.

— Заснула. Хай паспіць — ёй цяпер трэба.

— А малы?

— I малы спіць. Цыцку пассаў і спіць. А што яму?..

— Ну добра. Сядзь, пасядзі тут.

— Не, я ўжо ў засень. А то горача. Баюся, галаву напячэ.

Сапраўды, на падворку стала гарачавата, сонца ўзнімалася ўсё вышэй і прыпякала; не верылася нават, што нядаўна яшчэ ім было так пакутна ад холаду. Але што спёка ці холад — галоўнае, яны адкараскаліся ад немцаў, зашыліся ў лесавую глушэчу, дзе не было нікога — ні партызан, ні немцаў, на вогнішчы ў казанку даварвалася свежая бульбачка, абяцаючы згаладнелым які-ніякі наедак. Найбольшая бяда іх мінала, і каб не той небарака Ціханаў, дык Ляўчук, мабыць, быў бы задаволены сваім сённяшнім лёсам.

Праўда, яго трохі насцярожвала, што няма гаспадароў гэтага неадмысловага жытла, усё ж ім патрэбны быў нехта — гаспадар ці найлепш гаспадыня, — якія б узялі на сябе далейшы клопат пра Клаву. Да таго ж трэба было пра што-кольвечы распытаць іх, а можа, і разжыцца фурманкай, калі яны не маглі зберагчы свае.