Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 42

Васіль Быкаў

Зрэшты, усё гэта былі яго мары, думкі, перадуманыя ім за трыццаць гадоў — роўна палавіну свайго жыцця. На справе ж, ён ведаў, усё можа аказацца не так. Але ён не хацеў, каб аказалася не так, — ён прагнуў, каб было так, як павінна быць, як бы ён хацеў, каб было з яго сынам, якога не даў яму бог. Замёст сына нарадзіліся тры падобныя на маці дачкі з усімі мацярынскімі звычкамі, характарам, аздобай. Ад бацькі ж у іх нічога. Тут, канечне, не сын, але столькі з ім звязана! Усё, што з Леўчуком сталася далей да канца вайны, хоць таксама было не лягчэй, але ўжо не тое. Тады ж ён выклаўся ўвесь, можа, нават пераўзышоў сябе, і на другі такі раз у яго проста не хапіла б пораху…

10

Яшчэ раз парнуўшы ў казанок праціркай, Ляўчук адчуў, што тая далезла да дна, і сказаў Грыбаеду адцадзіць — самому гэта было нязручна. Грыбаед прыкрыў казанок крысом шарсцянога, некалі шыкоўнага, з кантамі, мундзіра і перакуліў над травой. Вады там аказалася зусім мала, ён пачакаў, пакуль яна не выцеча ўся да кроплі, затым паставіў казанок на агонь.

— Хай падсохне.

— Што там сохнуць? Нясі ў ток, будзем есці!

Грыбаед зноў узяў між полаў казанок, з якога валіла гарачая пара, Ляўчук расчыніў яму дзверы, Клава, якая, мабыць, задрамала і ляжала, прыгарнуўшы да сябе беленькі шаўковы скрутак з малым, спахапілася і слаба, як здалося Леўчуку, усміхнулася яму аднымі вуснамі.

— Давай есці будзем! Во бульбачка свежая, мабыць, свежай не ела сёлета?

Яна памкнулася ўстаць, і Ляўчук падкамячыў ёй пад плечы болей саломы, заклаў ад сцяны кажушок. Клава ўладкавалася, усё не выпускаючы з рук малога, паправіла валасы на лбе.

— Спіць? — запытаў Грыбаед, стаўляючы каля яе казанок.

— Спіць. Нешта ўсё спіць і спіць, — сказала яна з нейкаю нават трывогай.

— Нічога. Хай спіць. Будзе, значыць, як бацька, спакойны.

— Дзякуй вам, дзядзька, — пакорліва сказала Клава.

— Няма за што. Канечне, якая баба, можа б, лепей управілася.

— А і ты няблага, — сказаў Ляўчук, сядаючы побач. — Ні крыку, ні плачу.

— Гэта не я. Што я? Гэта яна во…

Яны ўдвух, апякаючы пальцы, пачалі цягаць з казанка гарачыя бульбіны, а Клава сядзела, адхінуўшыся да сцяны з малым пад рукою. Ляўчук паглядзеў на яе.

— Ну еш. Чаго ты?

— Там у сумцы лыжка была, — прабачліва сказала яна, і ён, зразумеўшы, дастаў з-пад галавы пляскатую нямецкую сумку Клавы з небагатай яе маёмасцю.

— Лыжка во, на!

— I пляшачка там, Дастань ужо. Дзеля такога выпадку.

— Пляшка! Ого! Го-го! — узрадаваўся Ляўчук і сапраўды выцягнуў з сумкі белую алюмініевую пляшку, у якой штосьці ціхенька плёскалася. — Самагонка?

— Спірту трохі. Трымала во…

— Ой, ты малайчына! — пранікліва сказаў Ляўчук. — Дай табе бог здароўя, малому тожа. Грыбаед, дык як — цмыганём?

— Ды ўжо ж, калі такое дзела, — ніякавата паморшчыўся Грыбаед, і вочы яго неяк мякка і па-добраму засвяціліся ў пярэстым ад шчылін прыцемку тока.

Яны ахвотна і з некаторай нават урачыстасцю выпілі разведзенага ў пляшцы спірту: спярша Ляўчук — глытнуў, хукнуў, зрабіў невялікую паўзу і ўкусіў бульбіну. Пляшку ў яго пераняў Грыбаед. Гэты спярша паморшчыўся, выпіў нешта з глыток, паморшчыўся болей — усімі зашчаціненымі зморшчынамі свайго абвялага, да часу састарэлага твару.