Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 37

Васіль Быкаў

Ляўчук пастаяў, разважыў і ціха падаў свой голас:

— Гэй! Ёсць хто жывы?

Ніхто яму не азваўся, мабыць, у таку не было нікога. Але рана ці позна хтось павінен жа сюды завітаць, калі тут жыве, падумаў Ляўчук і выйшаў на панадворак. Грыбаед з Клавай напружана пазіралі на яго з кустоў.

— Давай сюды! — махнуў ён здаровай рукой.

Калі тыя падышлі бліжэй, ён шырай расхінуў дзверы — заходзьце! — і Клава падбітым крокам, хапаючыся за дзверы, першая ўвайшла ў ток. Спярша яна боязна агледзела гэты змрочны чалавечы прытулак, а пасля, згледзеўшы коўдру, падалася да яе і знясілена, амаль роспачна апусцілася на салому.

— Ну во! Адсюль ужо нікуды не пойдзем, — сказаў Ляўчук. — Але дзе ж гаспадыня?

Грыбаед, не заходзячы ў ток, абышоў яго аброслыя маліннікам і крапівой вуглы, пастаяў, паўзіраўся сюды-туды. Не, мусіць, і паблізу не было нікога. Было ціха. Адно пад свежымі павевамі ранішняга ветру шапацела недалёкая яблыня ды з ціхім пошумам матляла каласамі жыта.

А Ляўчук тым часам, агледзеўшы куткі гэтай будыніны, ступіў на драбіны, зазірнуў на асець. Ён думаў, што, можа, тутэйшыя жыхары дзе пахаваліся. Але і на асеці было пуста, на земляной прысыпцы ляжала не кратаная чалавечай нагой труха і ластаўчын памёт. З маленькага шэрага гняздзечка пад кроквай выглядвалі цікаўныя галоўкі птушанят, чуўся іх устрывожаны піск. Безуважны, аднак, да яго Ляўчук саступіў на дол і адчыніў нізкія дзверцы ў асець. У невялічкім пракураным закутку таксама нікога не было. Маленькае, затканае павуціннем акенца кідала трохі святла на закурэлую печку-каменку, ад якой ішоў затхлы прарэзліва-дымны дух.

— Ладна, што ж, пачакаем. Ты як: патрываеш, Клава? — звярнуўся ён да радысткі, але тая не азвалася. — Каб во — паесці чаго!

Паесці было б вельмі дарэчы. У іхніх жыватах даўно ўжо было пуста, але яны не мелі нават кавалка хлеба, а іхняя кухня засталася немаведама дзе, і аб харчы цяпер трэба было клапаціцца самім. Трохі, аднак, дзівячыся адсутнасці гаспадароў гэтай будыніны, Ляўчук выйшаў на панадворак, зноў абышоў жытло, паўзіраўся ў недалёкі алешнік. Але, мусіць, гаспадары сышлі кудысьці далёка, прынамсі паблізу не было нікога. Тады Ляўчук памалу пайшоў паўз жыта да гэтага алешнічку, затым па-над ім выйшаў на дарогу, пастаяў, каб упэўніцца, што навокал усё спакойна, і паглядзеў у алешнік.

Алешнік быў невялічкі, за ім аказалася шырокая лесавая прагаліна ці, можа, край поля, далей цямнеў ельнік. Тут жа зелянеў шнурок бульбы каля ячменю. Бульба, відаць па ўсім, была ніштаватая, можа нават які ранні гатунак, з рослым бульбоўнікам; на крайніх барознах ляжала ўсохлае каліўе — значыць, бульбу ўжо падкопвалі. Падумаўшы, што няблага будзе яе наварыць, ён хуткім крокам скіраваў назад — трэба было знайсці які кош ці вядро.