Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 36

Васіль Быкаў

Ляўчук чакаў убачыць якія будынкі ці, можа, коміны на саламяных стрэхах — звыклыя адзнакі вёскі,— але ён толькі пазнаў яе колішнія тут сляды — некалькі высокіх дрэў, што воддаль стаялі за жытам. Вёскі не было. Падышоўшы бліжэй, яны ўбачылі за ўрослымі ў пустазелле платамі абкураныя рэшткі печаў, дзе-нідзе недагарэлыя, абвугленыя вуглы, раскочанае бярвенне ў зарослых травой падворках. Ад многіх будынкаў засталося толькі каменне падмуркаў. Шмат якія дрэвы паблізу ад пажарышчаў стаялі ссохлыя, з чорным, без лісця галлём. Высокая ліпа па-над калодзежам недарэчна зелянела адным сваім бокам — другі быў спалены і далёка тапырыў счарнелыя галіны. На затаптаных гародах валяліся пабітыя дзежкі, палкі, збуцвелыя шэрыя транты. Мабыць, вёску спалілі вясной, калі яшчэ не засявалі гародаў, азіміна расла ў полі сама, а ярыны не было нідзе. Поле каля гародаў ляжала аблогам, на ім густа разросся асот і пырнік.

— Куды гэта ты нас прывёў? — спыніўся Ляўчук. — Дзе тваё жытло?

— Чакай, чакай! Хадзі сюды!

Грыбаед цягавіта скіраваў кудысь ускрай вёскі, яны перайшлі неглыбокі раўчук ля кустоўя, вылезшы з якога, адразу ўбачылі маленькае, у два будынкі гуменца на пагорачку каля алешніку.

— Ну во! Бачылі? Там яна нешта збірала. Ці зёлкі якія, ці што.

— Так, ціха. Пабудзьце тут, — адхінуў старога Ляўчук, а сам хутка пайшоў да гумна.

З алешнічку выбягала, некалі, мабыць, гразкая, а цяпер няблага ўсохлая дарожка, якая, трохі не дайшоўшы да гумна, паварочвала ў бок былой вёскі. Свежых слядоў на ёй не было, але гэтая дарожка не спадабалася Леўчуку, і ён, перш чым перайсці яе, ажно спыніўся, агледзеўся. З дзвюх будынін гумна бліжэй да дарогі стаяла паветка з рэштаю жытняй саломы ў адным канцы. Далей быў стары скасабочаны ток з прадранай страхой, у дзірках якой, бы рабрыны на худобе, тырчалі латы. Ляўчук зводдаль абышоў крушню на рагу тока, зараснік густога малінніку пры сцяне і апынуўся з таго боку, дзе былі дзверы. Дзверы былі прычынены, і паблізу нікога не было відаць. Толькі на вяршаліне яблыні-дзічкі, што расла ўскрай жыта, ціха пагойдваўся стары вялікі крумкач, які, схіліўшы голаў, насцярожана пазіраў на яго. Ляўчук махнуў рукой, але крумкач нават не цепнуў вокам, і толькі калі Ляўчук ірвануў з пляча аўтамат, той лена ўзмахнуў крыллем і нехаця паляцеў у бок вёскі.

Нідзе нікога не ўбачыўшы, Ляўчук ціхенька прыадчыніў адну палавінку дзвярэй. У таку стаяў прыцемак, пахла гнілой саломай і пылам; праз дзверы над яго галавой адна за адной з ціхім піскам прашмыгнулі дзве ластаўкі, мабыць, у падстрэшшы былі іхнія гнёзды. Ляўчук шырэй адчыніў дзверы і пераступіў падваротню.

Не, мусіць, Грыбаед не памыліўся, калі казаў пра жанчыну — сапраўды, у гэтым таку жылі.

Збоч ад дзвярэй, пад сцяной, на зляжалым ахапку саломы была разаслана старэнькая коўдра, ляжалі нейкія лахманы ля сцяны, тут жа стаяла кадка з вадой і над ёй на сцяне вісеў кажушок. Ляўчук агледзеў чыста падмецены земляны дол, на краі якога роўна стаялі скураныя атопкі — абрэзкі ад зношаных ботаў. Цёмныя сцены скрозь свіціліся шчылінамі паміж бярвення. Злева ад увахода былі яшчэ адны нізенькія дзверы, мабыць, у асець; там жа, коса прыхінутыя да сцяны, стаялі драбіны.