Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 35

Васіль Быкаў

Ноч была ветраная і непагодная, дужа шумелі хвоі ў пушчы, у доле гуляла завея, кабылка амаль увесь час ішла крокам, адварочваючы галаву ад ветру. Яны да поўначы пераехалі лес, завярнулі на трошкі прыкметную ў цаліку дарожку да Выселак. Ужо блізка быў іхні падворак, ужо Грыбаед пачаў узірацца праз ветраны змрок, каб што згледзець на ім. Абнадзеена думалася чалавеку: а раптам блісне знаёмы агеньчык у акне, і ён знойдзе там сваіх дачушак і жонку, якіх раптам выпусцілі, бо за што ж іх трымаць? Калі ўжо каго і трымаць, дык яго аднаго.

Але не суджана было Грыбаеду ўбачыць нікога са сваіх. Не ведаў ён, што жонку яшчэ ў першыя дні закатавалі, а дзяцей некуды вывезлі, што старая маці яго, не стрываўшы бяды, сканала ў жандарскім склепе, а ў ягоным двары ўжо трэці дзень запар сядзела засада.

Нічога не ведаючы гэтага, Калістрат Грыбаед рупна паганяў кабылку, і яны пад'язджалі ўсё бліжэй да свае бяды. Ужо стала відаць у прыцемках крывая вярба ля варот, студня з асверам, разламаны чужымі коньмі паркан ля хляўка. I тады кабылка яго чамусь сама стала, ускінула голаў і ціхенька трывожна храпнула. Ён ужо ведаў гэты яе чыста сабачы, не конскі, нораў і пацягнуў лейцы. З усяе сілы ён узіраўся ў цьмяны падворак, але нічога не заўважаў там. Толькі штосьці ўсё ж там было, — яшчэ нябачнае, але напэўна страшнае. Валодзька, які таксама не на жарт устрывожыўся, пачаў ціха казаць яму: «Тата, не едзь! Не едзь, тата!..»

I ён пачаў заварочваць кабылку.

Але не паспела тая выбрацца з снегу на дарогу і вывернуць з сабой аглоблі, як з падворка прагучаў злы крык «Стой!». Ён з сілай выцяў кабылку пугай, адначасна грымнуў вінтовачны стрэл. Валодзька адразу тыцнуўся ў сані і нешта праякатаў благім голасам, а ён, не зважаючы на той яго крык, стаў у санях на калені і пачаў пугаўём гнаць кабылку. Кабылка, нібы чуючы людскую бяду, ірванула галопам, яны мігам праскочылі адкрыты кавалак дарогі і пад частыя стрэлы ззаду ўляцелі ў лес. Толькі праехаўшы па лесавой дарозе з кіламетр, Грыбаед прыпыніў сані і схапіў за плечы Валодзьку.

Валодзька ляжаў на баку і абедзвюма рукамі заціскаў на жываце полы армячка. Бацька адарваў яго здранцвелыя рукі, расхінуў армячок і жахнуўся. З акрываўленай раны, нібы жывыя, палезлі, хутка пухнучы ў ягоных руках, тоненькія дзіцячыя кішкі. Ціхенька якочучы, хлопчык машынальна падбіраў іх пад скрываўленую зрэбную сарочку і плакаў ад болю і бяды, якой ужо не было рады…

Ён прывёз яго ў зямлянку яшчэ жывога, Валодзька нешта гаварыў яшчэ, клікаў маму, пасля сціх і ляжаў да ранку маўклівы, толькі чуць патузваючы рукой ці нагой.

Якраз на світанні ён зусім сціх…

8

Вузкай лесавой дарожкай яны перайшлі край бору, мінулі стары, зарослы дробным маладняком расцяроб і павярнулі ўлева. Неўзабаве Грыбаед вывеў іх на край жытняга поля. Падзеленыя нізенькімі, нядбайна абаранымі межамі, некалькі нівак буяла някепскім жытцом, між даспяваўшых каліў якога ззялі густыя россыпы васількоў, белыя галоўкі рамонкаў. Грыбаед узышоў на шырэйшую між ніваў мяжу, і яны пайшлі па ёй, шморгаючы нагамі ў шорсткай межавой траве.