Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
Прыглядаючыся да вялізных, пяці— і дзесяціпавярховых будынкаў з белай сілікатнай цэглы, да мноства балконаў, застаўленых у каго чым — раскладушкамі, старымі крэсламі, столікамі, рознай хатняй непатрэбшчынай, аблытаных вяроўкамі, на якіх матлялася на ветры бялізна, — ён стараўся ўявіць сабе ягоную кватэру, вядома, з балконам, дзе-небудзь на высокім паверсе. На ягоную думку, чым кватэра вышай, тым лепш — болей сонца, чысцейшае паветра і, галоўнае, далёка відаць — калі не да краю, дык, пэўна, да палавіны горада. Гадоў шэсць назад ён ездзіў да жончынай сястры ў Харкаў і дужа ўпадабаў там пазіраць на вуліцу з балкона, хоць той і быў не так высока, усяго на трэцім паверсе.
Цікава яшчэ, як яго прымуць…
Ён, вядома, пастукае ў дзверы, не надта каб гучна, не кулаком, а лепш костачкай пальца, як наказвала жонка перад ад'ездам, і адступіць крыху назад, каб не лезці адразу ў дзверы, калі тыя адчыняцца. Сваю кепку, вядома, ён зніме раней, можа, нават яшчэ ў пад'ездзе або на лесвіцы. Калі дзверы адчыняцца, ён найпершы запытае, ці тут жыве той, хто яму трэба. Добра, калі б адчыніў сам; мабыць, ён бы яго пазнаў, хоць мінула трыццаць гадоў — час, за які, можна сказаць, не было чалавека і стаў чалавек. Але ўсё роўна, мусіць, пазнаў бы. Ён памятаў яго бацьку, а сын павінен быць нечым падобны на бацьку. Калі ж адчыніць жонка або хто з дзяцей… Не, мабыць, дзеці яшчэ малыя… Хаця, пэўна, могуць і дзеці, калі гадоў пяць-шэсць, чаму ж не адчыніць дзвярэй чалавеку? Тады ён запытае гаспадара і назаве сябе.
Тут, адчуваў ён, настане самае важнае і самае цяжкае. Па сабе ведаў, як гэта радасна і цяжка адначасна, калі так вось знянацку сустракаецца нехта знаёмы, даўні, забыты… I прыпамінанне, і здзіўленне, і нават крыху няёмкасці перад няўмольнаю хадой часу, які не заўжды міласэрны да чалавека… Пасля яго, напэўна, папросяць зайсці, і ён пераступіць парог. Ну, вядома, кватэра ў іх харошая — розныя там паркеты, дываны, мяккія канапы, шкляныя дзверы — не горш, як і ў іншых у горадзе. У парозе ён паставіць свой чамаданчык і зніме гамашы. Абавязкова трэба не забыцца скінуць гамашы, на гэта асабліва напірала жонка, калі праводзіла яго ў дарогу. А то, казала, дома ён прывык перціся ў кірзе ці гуме ад парога да стала адразу, як след не выцершы абутак на ганку. Значыць, найперш трэба зняць гамашы. Шкарпэткі ў яго новыя, купленыя перад паездкай у сельмагу за рубель і шэсцьдзесят шэсць капеек, са шкарпэткамі канфузу не будзе.
Далей пачнецца размова. Вядома, размова будзе нялёгкая. Ён нават не мог сабе ўявіць, колькі ні думаў аб тым, як і з чаго яны пачнуць тую размову. Ну, але там будзе відаць. Мусіць, яго паклічуць за стол, і тады ён вернецца да свайго чамаданчыка, дзе ўсю дарогу ціхенька булькае вялікая бутэлька з маляўнічай замежнай наклейкай да самага корка і ляжыць сякі-такі вясковы гасцінец. Хоць і ў горадзе цяпер не голад, але вясковая каўбаска, слоічак мёду і тры харошыя, сушаныя ляшчы, пэўна, прыйдуцца гаспадарам даспадобы.
Трохі задумаўшыся, ён, мусіць, прайшоў занадта, бо замест шостага дзесятка дамоў згледзеў на рагу лічбу «88» і зразумеў, што даў лішку. Занепакоіўшыся, вярнуўся, хуткім крокам прамінуў скверык, нейкі меншы будынак з агромністым надпісам «Парыкмахерская» на цэлы паверх, зазірнуў на лічбу. Але тут было зноў «76» — куды ж падзеўся цэлы дзесятак дамоў? Ён збянтэжана ўзіраўся ў лічбу, не ведаючы, куды падацца, і тады ўчуў ветлівы дзіцячы галасок ззаду: