Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Футболам ён мала цікавіўся, нават па тэлевізары не вельмі глядзеў яго, і не мог зразумець некаторых заядлых аматараў, якія дужа перажывалі за пэўную каманду, нібы там іграў іх сват, брат ці хоць бы добра знаёмы. Для яго ж не было розніцы, хто каго пераможа; сёння адны, заўтра другія — ці варта перажываць?
Але гараджане, мусіць, ставіліся да гэтага інакш, і па вуліцы проста цяжка было прайсці — чым меней заставалася да пачатку матча, тым хутчэй імчаліся людзі, пераважна маладыя мужчыны, сярод якіх, аднак, трапляліся і жанчыны таксама. Паўнюткія аўтобусы ледзьве паўзлі, у незачыненых дзвярах віселі людзі. Затое назад аўтобусы ішлі амаль што пустыя. Ён ажно спыніўся на рагу, паўзіраўся ў гэтую праяву гарадскога побыту і падумаў, што, мабыць, трэба не забыцца расказаць пра ўсё дома, як вернецца ў вёску.
Пасля ён доўга і нетаропка ішоў па тратуары. Каб залішне не пытацца ў людзей, пазіраў на вуглы дамоў з рознымі назвамі вуліц, пакуль не ўбачыў на сіняй шыльдачцы надрукаванае белым: «вул, Касманаўтаў». Але нумар дома быў іншы, ён прайшоў да наступнай будыніны і пераканаўся, што ісці трэба яшчэ далёка. I ён ішоў, спакваля назіраючы жыццё гэтага горада, у якім ніколі не быў і куды нават не думаў калі-небудзь прыехаць, каб не пісьмо пляменніка, што цяпер ляжала ў яго кішэні. Праўда, апроч адраса, пляменнік не паведамляў больш нічога, ён нават не дазнаўся, дзе і кім працуе той чалавек, якая ў яго сям'я… Ну але што мог даведацца хлопец-студэнт, які выпадкова натрапіў на знаёмае прозвішча ў газеце і атрымаў адрас у міліцыі. Вось цяпер ён сам пра ўсё і дазнаецца — дзеля гэтага і ехаў.
Найперш, вядома, яму дужа радасна, што таму ўдалося выжыць з вайны, і ён спадзяваўся, што далей жыццё да яго паставілася больш літасціва. Калі жыве ў такім доме, дык, мабыць, не апошні чалавек у горадзе, можа, нават які начальнік. Хоць, канечне, ён ведаў, што чалавек не вызначаецца толькі сваёй прафесіяй або пасадай, ёсць яшчэ характар, нораў, дабрата ці злосць — гледзячы што пераважае, тое і вызначае чалавечую годнасць. Цяпер гэта, можа, нават больш за іншае было для яго важна, як і для кожнага госця, які першы раз у жыцці, не званы і не чаканы, мае пераступіць незнаёмы парог. Але ён спадзяваўся на лепшае, бо сам быў спакойны і ўмеў паважаць другіх.