Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
— А вы пазваніце, — сказала з парога жанчына, таропка выціраючы фартухом счырванелыя рукг. Пакуль ён няўцямна азіраў дзверы, як тут пазваніць, яна пераступіла парог і націснула на маленькую кнопку званка, непрыкметна прыладжаную да вушака збоку. Усярэдзіне раздаўся прарэзлівы трэск, але і пасля гэтага дзверы пяцьдзесят другой не адчыніліся.
— Значыць, няма, — сказала жанчына. — Зранку малая тут бегала, ды нешта цяпер не відаць. Значыць, пайшлі куды ў горад.
Ён збянтэжана прыхінуўся да лесвічнай парэнчы і не ведаў, што рабіць далей. Неяк ён не падумаў раней, што іх можа не аказацца дома, што яны некуды пойдуць або паедуць. Зрэшты, звычайная справа. Хіба ён сам увесь дзень сядзіць дома? Нават і цяпер, калі выйшаў на пенсію.
Але, мусіць, рабіць тут ужо не было чаго, — не чакаць жа на гэтай пляцоўцы, — і ён завярнуў да прыступак. Суседка перад тым, як зачыніць свае дзверы, крыкнула следам:
— Во, дык футбол жа сёння! Ці не на футболе яны?
Можа, і на футболе або яшчэ дзе. Ці мала куды можна пайсці ў горадзе ў пагодны выхадны дзень — у парк, кіно, рэстаран, тэатр, цікавых мясцін тут хапае, не тое што ў вёсцы. А ён спадзяваўся, дурань, што яны трыццаць гадоў сядзяць дома і чакаюць, калі ён прыедзе да іх у госці.
Ён пратупаў уніз шэсць крутаватых лесвічных маршаў і выйшаў з пад'езда. Бабулькі пры яго паяўленні адразу спынілі сваю гаворку і зноў з перабольшанай цікаўнасцю ўгледзеліся ў яго. Але ён ужо не адчуваў няёмкасці, спыніўся, на краі дарожкі і хвіліну думаў, што рабіць далей. Мусіць, усё ж трэба было пачакаць. Ногі пасля доўгай хады прасілі адпачынку, хацелася прысесці, ён згледзеў у глыбіні двара пад сцяной нейкага цаглянага хлеўчука здатную лаўку ў цяні і павольнай хадой прытомленага чалавека пайшоў да яе.
Найперш ён паставіў на лаўку свой чамаданчык, пасля сеў сам і выцягнуў натруджаныя ногі. Тут ён палаяў сябе за тое, што паслухаў жонку і надзеў новыя гамашы, — трэба было ехаць у старых, разношаных. Цяпер няблага было б зняць іх з ног, але, азірнуўшыся, ён пасаромеўся: вакол былі людзі. Непадалёк, ля гаража, такой жа, як гэта, цаглянай збудоўкі два мужчыны завіхаліся каля растрыбушанага, з паднятым капотам і парасчынянымі дзверцамі «Масквіча», гаманіла дзятва ў недалёкай пясочніцы пад драўляным грыбам-мухаморам. Адсюль яму добра відаць быў пад'езд з бабулямі, і ён пачаў назіраць за прахожымі — здавалася, што ён іх пазнае, як толькі яны паявяцца ля свайго пад'езда.
I ён наважыўся нікуды не ісці, чакаць тут. Сядзець было зручна і не горача ў засені, можна было ўволю паназіраць за жыццём у новым гарадскім квартале, які ён упершыню бачыў і ў якім яго шмат што цікавіла. Праўда, думкі яго ўсё вярталіся ў даўняе сваё мінулае, якое, мусіць, навек звязала яго з тым чалавекам. Памятаў ён усё так, нібы яно здарылася ўчора — тры дзесяткі гадоў нічога не прыглушылі ў ягонай учэпістай памяці, тым болей што тое было самае яркае і, можа, самае значнае ў ягоным жыцці. Многа разоў ён перадумваў, успамінаў, пераасэнсоўваў гэта мінулае, кожны раз ставячыся да яго па-новаму. Нешта з перажытага выклікала ў ім ціхі сорам за свае, можа, не зусім здатныя на цяперашні розум учынкі, нешта здзіўляла, а нешта было яго гонарам, зместам яго сціплай вайсковай годнасці. Усё разам яно і складала ягоную чалавечую сутнасць, з якой ён і дажываў свой век.