Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
— Я? Ды які я герой! Я не герой. Так…
— Вунь гэты дом, — паказала чарнявая цераз зялёны падворак з маладымі ліпкамі на такі ж, як і ўсе тут, пяціпавярховы дом з шэрай сілікатнай цэглы. — Трэці корпус.
— Ну дзякуй вам, дзяўчаткі. Вялікае дзякуй! — сказаў ён, амаль што расчулены. Яны абедзве разам ахвотна праспявалі сваё «пажаласта» і пабеглі па дарожцы ўбок, а ён, раптам усхваляваўшыся, запаволіў крок. Значыць, ужо блізка! Чамусьці захацелася адсунуць на нейкі час далей і гэты дом, і сустрэчу з тым, пра каго ён думаў, успамінаў, не забываўся ўсе гэтыя трыццаць гадоў. Але ён сцяў у сабе зачаткі маладушных пачуццяў — калі прыехаў, дык трэба ісці, хоць бы зірнуць адным вокам, павітацца і ўпэўніцца, што жыве чалавек, які і для яго, калі разабрацца, азначае нямала.
Спярша ён падышоў да рога і зверыў нумар у паперцы з тым, што чырвонай фарбай быў намалёваны на шурпатай цэгле. Дзяўчаткі яго не ашукалі; сапраўды, на сцяне было выведзена з падцёкам К-3. Ён схаваў пісьмо ў кішэню, старанна яе зашпіліў на гузік, узяў чамаданчык. Цяпер трэба было знайсці кватэру, што, мабыць, таксама не проста ў гэткай аграмадзіне на сто ці болей кватэр.
Не дужа рашуча, азіраючыся па баках, ён скіраваў да першага пад'езда; перад дзвярыма спыніўся, сагнаўшы шэрага ката, які лянотна разлёгся ў цяньку ля парога. Перш чым адчыніць дзверы, агледзеў розныя надпісы на іх, аб'явы пра нумар паштовага індэкса, пра тое, што, ідучы з дому, трэба выключаць электрапрыборы, прачытаў надрукаваную на машынцы аб'яву: «У сераду 26 чэрвеня ў чырвоным кутку мае адбыцца агульны сход жыхароў, прысвечаны добраўпарадка-ванню тэрыторыі двара». Вышэй над уваходам быў прыбіты нумар пад'езда з нумарамі кватэр у ім — ад першай да 20-й. Значыць, патрэбнай яму кватэры тут не было. I ён прайшоў уздоўж дома, прамінуў другі пад'езд і завярнуў у трэці.
На лавачцы ля дзвярэй сядзелі дзве старыя, нягледзячы на гарачыню цёпла апранутыя бабулі, адна нават з валёнкамі на нагах; другая трымала ў руках кіёк. Яны вельмі ўважліва, амаль падазрона ўгледзеліся ў яго, прыпыніўшы сваю ціхую гаворку. Але ён не запытаўся нічога — ён ужо ведаў, дзе што трэба шукаць, і зірнуў на шыльдачку над дзвярыма. Кватэры ад 40-й да 60-й — значыць, патрэбная была тут. Зноў адчуўшы, як варухнулася ў грудзях сэрца, адчыніў дзверы і ўвайшоў у пад'езд.
На першай пляцоўцы было чатыры кватэрных нумары — ад 40-га да 44-га, і ён паволі скіраваў вышэй. Ля акна віселі соты паштовых скрынак, з якіх дзе-нідзе тырчалі газеты, ён прыгледзеўся да іх нумароў і ўзрадаваўся: пяцьдзесят другая была тут, на трэцім паверсе.
На другой пляцоўцы ён трохі адпачыў, з нязвыкласці ўзяла задышка, нібы прынёс вёдры вады з крыніцы. Да таго ж ён не мог пазбавіцца ад дзіўнай няёмкасці, якая ўвесь час даймала яго так, нібыта ён ішоў з якой просьбай ці быў вінаваты ў чымсьці. Ведама, як ні думай, як ні ўгаворвай сябе, а сустрэча мела адбыцца нялёгкая. Напэўна, было б лепш наладзіць яе на некалькі гадоў раней, ды раней хіба ён ведаў, дзе яго шукаць? I так дзякуй пляменніку, — а то дзе і калі б ён яго адшукаў? Пяцьдзесят другая кватэра была крайняя злева, як і ва ўсіх, фарбаваныя шэрай маслянай фарбай дзверы, акуратны палавічок ля парога, нумарок наверсе. Ён паставіў ля ног чамаданчык, перадыхнуў і, не адразу перамогшы ў сябе нерашучасць, ціха пастукаў костачкай пальца. Пасля, счакаўшы, пастукаў зноў. Здалося, недзе пачулася гаворка, але, услухаўшыся, ён зразумеў, што гэта гучала радыё, і пастукаў яшчэ. На гэты ягоны стук, аднак, адчыніліся дзверы суседняй кватэры.