Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 26

Васіль Быкаў

— У цябе як плячо? Можа, перавязаць?

— Ды ярунда. Не трэба.

Ён ужо прыцярпеўся да свае раны і нават шкадаваў, што пайшоў у санчасць, лепш бы застаўся ў роце, можа, і прабіўся б з усімі за грэблю і цяпер быў бы адсюль далёка. Прынамсі, не ведаў бы клопату, які цяпер тлуміў яго галаву.

— Ну і Ціханаў, не чакаў ад яго такога. Не ведаю нават, што і думаць, — сказаў ён, усеўшыся ў доле непадалёк ад Клавы.

— Спалохаўся ён. А можа…

— Спалохаўся, факт! Але што мы рабілі б, каб не спалохаўся?

— А можа ён з-за нас? — сказала Клава.

— А хто ведае! Хіба цяпер зразумееш? Чужая душа — пацёмкі.

— А ўсё ж відаць. Добрага чалавека здалёку відаць.

— Няўжо? А дрэнныя — яны што ж, думаеш, не маскіруюцца? Пад добрых? Як вунь той гад! Ужо такі сімпацяга быў…

— Ты пра каго?

— Усё пра таго ж!

— Што цяпер гаварыць? — пасля нядоўгага роздуму сказала Клава. — Пасля мы ўсе разумныя.

— Вот іменна — пасля. I разумныя, і строгія. А напачатку такія добранькія. Вушы развесілі, а ён — нож у спіну.

— Платонаў і тады гаварыў: ёсць падазрэнне. Але ж доказаў не было.

— Доказаў чакаў! Ну і дачакаўся…

Яны памаўчалі, Ляўчук, адкінуўшыся на локаць, кусаў травіну, увесь час азіраючы сасоннік. I Клава, нешта асіліўшы ў сабе, сказала:

— Канечне, наконт Платонава мы цяпер можам меркаваць па-рознаму. Асуджаць яго. Але як жа яму было? Я памятаю, ён гаварыў мне: нешта нячыста, але як дазнацца? Для гэтага час патрэбен.

— Трэба было шпокнуць абодвух, — з лёгкасцю зазначыў Ляўчук. — А што? Раз сумненне, дык і абодвух. Каб без сумнення. Як кажуць, бабка надвое варажыла: можа, чэсны, а можа і агент.

— Не, так нельга, — ціха сказала Клава. — Вы ўсе ачарсцвелі на гэтай вайне. Яно зразумела, але гэта кепска. Платонаў быў не такі. Ён добры быў, чалавечны… Можа, таму і ў нас з ім усё так выйшла. Ён другога чалавека адчуваў, як самога сябе.

— Во-во-во! — падхапіў Ляўчук і сеў роўна. — Добры! А праз яго добрасць яшчэ невядома, як табе быць. Ды і нам во…

— Што ж, можа быць кепска. I ўсё роўна ён харошы. А дабрата не можа быць кепскай…

— Што ты кажаш! — злосна здзівіўся Ляўчук і ўстаў.— Не можа? Вот глядзі. Я буду добры і хуценька цябе здам куды ў вёску. Якая бліжэй. Ты ж хочаш, каб скарэй куды прыбіцца. Праўда? Каб табе сцішыцца. Вось я цябе і прыстрою. А немцы і схопяць. Дык не, я не добры, я цябе тузаю, во цягну, а ты праклінаеш мяне, праўда? I ўсё ж я мо куды зацягну, дзе спакайней. Дзе ты родзіш па-людску. I прыгледзець дзе будзе каму!

Ён сказаў гэта адным духам, можа занадта запальчыва, і яна змоўчала, не адказала. Але Леўчуку не трэба было ні яе згоды, ні яе пярэчання, ён быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзе. Ён даўно ваяваў і ведаў, што на вайне іншае праўды і не бывае. Нейкая там добрасць — не для вайны. Можа, часам яна і няблага, нават дарэчы, але не тады, калі цябе кожную хвіліну пільнуе куля.

Клава заціхла, думаючы свае нялёгкія думы, а ён босы адышоўся па калючай траве на пагорак, паглядзеў цераз негусты сасоннік уніз, на лугавіну. Здаецца, у тым баку не было ні дарог, ні вёсак, не чутна было ніякага гуку і ніякага знаку прысутнасці ворага, мусіць, яны няблага зашыліся ў лясную глушэчу. Калі б толькі дзе жытло. Ім цяпер патрэбна была якая сядзіба, хутар, якая леснічоўка з людзьмі — без такой дапамогі Клава не магла абысціся. Незалежна ад таго, якія б яны ні былі з ёй добрыя.