Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 18

Васіль Быкаў

— Ляўчук, трэба ісці,— са стрыманай, але пільнай патрэбай сказала яна.

— Ну во, бачыш! Трэба, значыць, ісці.

Яны памалу, па адным паўставалі на ногі, узвалілі на каня параненага, які і цяпер не выпускаў з рук аўтамата. Трымаючы зброю, Ціханаў супакоена аблёгся грудзямі на слізкую, выпацканую тванню конскую грыву і звесіў долу рудую, у бінтах галаву. Абапал прытрымліваючы яго, яны павялі каня па пракосу на край пожні, дзе, здаецца, пачыналася поле — кустоўе там меншала. Ззаду за канём, неяк квола і асцярожна ступаючы, ішла Клава.

Неўзабаве між чэзлых альховых кустоў і ляшчынніку яны выбіліся на адкрыты ўзлесак у нейкім лагу і павярнулі ўбок, па-над кусцікамі, каб не надта вылазіць на адкрытае месца. Згаладнелы конь раз за разам угінаў галаву і на хаду хапаў з-пад ног хамлакі травы, паранены тады ледзь не падаў з яго спіны, і яны як-кольвечы ўтрымлівалі яго. Грыбаед злосна піхаў каня кулаком у бок.

— Ціха ты, ваўкарэзіна. Не нажарэшся…

— Ну нашто так? — пярэчыў Ляўчук. — Ён жа жывы, есці хоча.

Тым часам развіднела. Тут, зводдаль ад балота, туману ўжо амаль не было відаць далей; убаку, над лесам, барвовым пажарам запалаў край неба, вось-вось павінна было ўзысці сонца. У суцэльнай ранішняй засені намоклых людзей люта прабірала золкасць і калацілі дрыжыкі. У мокрай вопратцы ісці было дужа нязручна, чвякалі ногі ў раскіслых ботах. У Леўчука да таго ж балела плячо. Стараючыся як мага меней ім кратаць, ён левай рукой прытрымліваў пад паху дэсантніка, а сам усё шарыў позіркам па баках, чакаючы, калі пакажацца тое Залоззе.

Але, мяркуючы па ўсім, мясціна тут была лясная і даволі-такі дзікаватая, мусіць, да вёскі яшчэ было далёка. I яны памалу ішлі і ішлі, пасля апантанае балотнай ночы ледзьве перастаўляючы ногі і з натугай адганяючы ад сябе сон. Ляўчук, збыўшы з галавы той клопат з балотам, цяпер трохі паспакайнеў і ўсё думаў, як там абышлося на грэблі: ці прарваўся атрад, ці не? Калі не, дык сёння будзе там ліха, гэтых карнікаў наперла тут процьма, а ў іх даўно ўжо было тугавата з патронамі, а гранат дык і зусім, мусіць, не засталося. Камандзір увогуле правільна рашыў прарывацца, толькі каго яны пусцілі на грэблю, ці не тылы з санчасцю, якія, канечне, там і паляглі. Паспадзяваліся на разведку, называецца.

Некалі Ляўчук таксама быў у разведцы і ведае цану некаторых яе дакладаў. Ідуць у разведку, і многае, калі не ўсё, наконт ворага — цёмная ноч, а начальства патрабуе яснасці, ну і, вядома, шмат што залежыць ад фантазіі той самай разведкі. I ён раптам успомніў, як ранняй вясной, таксама будучы разведчыкам, ездзіў у Кіраўскую брыгаду па першую ў атрадзе рацыю, якую спецыяльна для іх прыслалі з Масквы.

Тая навіна наконт рацыі, памятае, нарабіла нямала радаснага клопату ў іх атрадзе — жарты сказаць, яны будуць мець сувязь непасрэдна з самым галоўным партызанскім штабам у Маскве. Узварушаныя камандзіры нават правялі з гэтай нагоды мітынг, выступалі партызаны, камісар Ільяшэвіч, — абяцалі, кляліся. У няблізкі паход для сустрэчы радыстаў вылучылі трох лепшых разведчыкаў на чале з Леўчуком, які тады таксама быў лепшы, не тое што цяпер. Надвячоркам перад выездам камісар з начальнікам штаба доўга інструктавалі іх: як ехаць, што ўзяць, як сябе паводзіць з гасцямі, што казаць і чаго не трэба. Такога інструктажу Ляўчук не памятаў ні да таго, ні пасля — адпраўлялі, як на самае важнае заданне, і яны хваляваліся, як не хваляваліся нават тады, калі ішлі, пераапранутыя, у Шаблоўскі гарнізон дамаўляцца з паліцаямі наконт пераходу тых на бок партызан.