Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 16

Васіль Быкаў

Неяк неўпрыцям ён згледзеў над туманам вяршалле кустоў і зразумеў, што гэта бераг. I сапраўды, праз якіх дваццаць крокаў балота ўраз скончылася, за нешырокай асакаватай паласой былі кусты алешніку, перад якім ляжала сенажаць з пракосамі свежай травы. Ён не стаў нават вылазіць на сухое, узрадавана павярнуў назад, у багну, да свае фурманкі. Гэты раз ён ледзьве не згубіў яе, прайшоў у тумане міма і толькі тады пачуў ззаду ціхае пялёхканне каня і вярнуўся. Клава сядзела на паўзатопленым возе, відаць, ратавала ад вады дэсантніка. Грыбаед плёхаўся каля каня, не даючы, каб таго зусім засмактала багна.

Яны маўкліва дачакаліся, калі ён падыдзе бліжэй.

— Во што! — сказаў Ляўчук, хапаючыся за аглоблю. — Трэба паасобку. Распрагай каня, перавязём Ціханава, пасля, можа, фурманку. Бераг тут, недалёка…

4

Пачынала світаць, калі ў белым, нібы малако, згусцелым тумане яны выбраліся ўрэшце з балота. Непрытомнага дэсантніка вывезлі конна, узваліўшы на мокрую конскую спіну, з бакоў яго падтрымлівалі Грыбаед і Клава, Ляўчук вёў каня. Ездавы, апроч таго, валок дугу і сядзёлку, якія ён не захацеў кінуць у балоце, дзе застаўся затоплены іх воз. Але воз яны мелі надзею знайсці ў якой вёсцы, быў бы конь ды збруя.

На беразе ў іх ледзьве хапіла сілы, каб зняць з каня абвялае цела дэсантніка, якога паклалі ў пракосе на ахопак волкай ад туману травы, і самі пападалі тут жа. Ляўчук задраў ногі, выліў з левага бота гразь, з правага яна выцякала сама праз дзірку. Грыбаед улетку хадзіў па-сялянску, босы, і цяпер з нагамі не меў вялікага клопату, а, выняўшы з вінтоўкі затвор, прадзьмуваў забіты гразёю ствол. Побач ціхенька ляжала Клава, і над усімі, нізка звесіўшы галаву і дыхаючы запалымі бакамі, стаяў іх конь з мокрым хамутом на шыі.

— Ну во! А вы казалі! — з няпэўнай задаволенасцю выдыхнуў Ляўчук.

Ён адным вухам лавіў нячастыя ўжо стрэлы на грэблі, а другім прыслухоўваўся да навакольнай, паволі святлеўшай прасторы — цяпер якраз пачыналася самае небяспечнае, бо тут на кожным іх кроку маглі аказацца немцы. Стрымана пазіраючы сюды-туды, каб быць гатовым да ўсякай нечаканкі, ён левай рукой дастаў з адмяклай скураной кабуры свой парабелум, абцёр яго аб траву. Дзве кардонныя пачачкі з патронамі раскіслі ў вадзе, і ён выкінуў іх, ссыпаўшы патроны ў кішэню. Затым падабраў з зямлі аўтамат Ціханава. Дэсантнік, здаецца, усё быў без памяці і толькі мармытаў нешта, пакуль яны валэндаліся з ім на балоце. Шкада, што пры аўтамацё быў усяго адзін дыск, Ляўчук адняў яго, паважыў у руцэ — дыск, мусіць, быў поўны. Патрохі яны адпачывалі, вяртаючы рэшту страчаных сіл. Але адпачынак нёс свае клопаты: рабілася холадна. Мокрая вопратка сцюдзяніла цела, а сушыцца пакуль што не было як, мабыць, давядзецца чакаць, калі ўзнімецца сонца. Хоць неба над лесам зусім паяснела, але да ўсходу яшчэ заставалася з паўгадзіны. I тады на сырым травяністым доле заварушыўся паранены.

— Піць… Піць дайце…

— Што? Піць? Зараз, зараз, браток. Зараз мы цябе напоім, — спачувальна азваўся Ляўчук. — Грыбаед, а ну схадзі, паглядзі, мо ручай дзе.