Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 17

Васіль Быкаў

Грыбаед уставіў у вінтоўку затвор і нетаропка завалюхаў у тумане берагам, а Ляўчук зірнуў на Клаву, якая ціхенька дрыжала на пожні. Зачатак нейкага жалю ўшчыкнуў яго адчуванне, і ён скінуў з мокрага пляча падмочаную сваю ватоўку.

— На, ахініся. А то…

Клава ахінулася і зноў лягла бокам на травяны пракос.

— Піць! — зноў патрабавальна прамовіў паранены і ўсхапіўся, нібы спалохаўся чагось. Клава, прыўстаўшы, прытрымала яго.

— Ціха, ціха! Зараз прынясе піць.

— Клава? — па голасе пазнаў дзяўчыну дэсантнік. — Клава, дзе мы?

— Ды тут, за балотам. Ляжы, ляжы…

— Мы прарваліся?

— Амаль што. Ты не бойся,

— Дзе доктар Пайкін?

— Пайкін?

— Нашто табе Пайкін? — сказаў Ляўчук. — Пайкіна няма тут.

Ціханаў памаўчаў і раптам, нібы штось западозрыўшы, спалохана залапаў вакол па пожні.

— Аўтамат! Дзе мой аўтамат?

— Тут твой аўтамат. Куды дзенецца, — сказаў Ляўчук.

Але паранены патрабавальна працягнуў руку.

— Дай аўтамат!

— На, калі ласка. Што толькі ты з ім рабіць будзеш?

Слепа прыгробшы да сябе аўтамат, дэсантнік супакоіўся, але гэты яго супакой быў напружаны, як перад новым рыўком. I сапраўды, неўзабаве без усякай сувязі з папярэднім Ціханаў сказаў:

— Я памру, ага?

— Чаго гэта ты памрэш? — знарок грубавата папракнуў яго Ляўчук. — Вынесем, жыць будзеш.

— Куды… Куды вы мяне несяце?

— У адно харошае месца.

Ціханаў памаўчаў, быццам памеркаваў аб чымсьці, і патрабавальна сказаў:

— Паклічце доктара!

— Каго?

— Доктара! Пайкіна паклічце. Ці вы аглухлі? Клава!

— Доктара няма тут. Ён недзе пайшоў,— знайшлася Клава і лагодна пагладзіла дэсантніка па рукаве.

Той прыкусіў засмяглыя вусны і сказаў запалым голасам:

— Як жа?.. Мне трэба ведаць. Сляпы я… Нашто я сляпы? Я не хачу жыць…

— Нічога, нічога, — сказаў Ляўчук. — Яшчэ будзеш бачыць. Пацярпі крыху.

— Мне трэба… Мне трэба ведаць… Паранены заціх на паўслове, Ляўчук з Клавай пераглянуліся — во яшчэ клопату! I Клава ціха сказала:

— Не пашэнціла Ціханаву.

— Яшчэ як сказаць, — не згадзіўся Ляўчук. — Вайна не скончылася, яшчэ невядома, каму пашэнціла, каму не.

Неўзабаве Грыбаед прынёс у шапцы вады, але дэсантнік ляжаў нерухома і не азваўся на яго прапанову напіцца. Ездавы нерашуча патаптаўся з шапкай у руках, з якой па пальцах лілася вада, потым выліў яе на траву.

— Кацялка няма? — запытаў Ляўчук.

— Няма.

— Эх ты, дзед-Грыбаед! Не запаслівы ты.

— Я такі дзед, як ты ўнук. Мне сорак пяць гадоў усяго! — здаецца, пакрыўдзіўся ездавы.

— Табе? Сорак пяць?

— Ну.

— Глядзі! А я думаў, што шэсцьдзесят. Чаго ж ты такі стары?

— Таго, — крыўдліва ўхіліўся ад адказу Грыбаед.

— Ну ладна, — уздыхнуў Ляўчук. — Трэба б паглядзець, мо дзе вёска якая?

— Залоззе тут недзе, — стрымана, быццам усё крыўдуючы, адказаў ездавы. — Ну. Недзе Залоззе павінна быць. Не спалена яшчэ было.

— Тады пойдзем.

— А калі гэта самае… А калі там немцы? Мусіць жа, іх тут налезла, як тараканаў. Хай іх чорт дзярэ!

Калі там немцы, дык ісці, вядома, не выпадала, напэўна, лепш было б разведаць спярша аднаму, а астатнім пачакаць дзе ў кустах. А то ў выпадку чаго з іхняю ношай не надта спрытна будзе, каб выкруціцца. Толькі чакаць тут, ля гэтай макрэдзі, было пакутай, да таго ж на пакошы заварушылася Клава.