Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 15

Васіль Быкаў

Але Ляўчук яшчэ не дайшоў да іх і нічога яшчэ не надумаў, як недзе ў недалёкай начы імклівым рэхам пакаціўся па лесе стрэл. Праз секунду яму адказаў другі, траскотна ўдарыла кулямётная чарга, глуха і важка кахнуў мінамёт і міна, завішчэўшы ў самае высі неба, неўзабаве разарвалася ў лесе. I тут пачалося: закалацілася, задзігала, загрукацела — дзіва, адкуль што і ўзялося ў гэтай соннай туманнай ночы.

Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:

— На грэблі, ага?

— На грэблі,— паныла пацвердзіў Грыбаед.

Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся на разведку, і цяпер вось расплачваецца. Цяпер там незайздросна.

I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:

— Ну во, вашай матары! А вы — назад! А ну давай упярод! З усяе сілы ўпярод! Раздва, узялі!

Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп'ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон да рэшты перастраляў партызан.

«Ну і дурні,— думаў Ляўчук. — Чаго было перці ўсім на ражон, лепш ужо так, па балоце. Калі толькі там, за балотам, таксама не заселі немцы…»

На дзіва цяпер яму ўжо не здавалася страшным балота, хутчэй наадварот: страшнае было на дарозе, на грэблі, а балота не першы ўжо раз укрывала яго, ратавала, цяпер ён проста любіў балота. Калі б толькі яно не было бяздоннае і, вядома, не дужа бяскрайняе.