Читать «Адна ноч» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Валока ўнутрана сцяўся («Ах ты, пракляты, уцалеў!») і левай рукой падхапіў ствол аўтамата. Але былы страх знік, цяпер баец не дужа і баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывіўся ад болю, вораг прастагнаў і немачна заплюшчыў вочы.
«Забіць!» — бліснула думка. Валока прывычна скіраваў на ворага аўтамат, гатовы вось-вось націснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз і так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць і прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызваліцца з-пад абломкаў. «Ну лезь, паспрабуй! Падыдзі! — казаў сабе баец, пільна назіраючы за кожным аслабелым рухам ворага. — Вылезеш, тут жа і ляжаш!»
Гэта быў чацвёрты вораг, які трапіў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэліў у сорак трэцім пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакі. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзіўлена паглядзеў на Валоку і сціх. З другім давялося трохі пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, параніў яго сябра Макіўчука, — то быў нейкі афіцэр у фуражцы з кукардай, і Валока, загнаўшы яго ў тупік, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад'ездзе. Цяпер вось гэты.
Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калі ён вылезе і што будзе потым.
Толькі вылезці яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цагліны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывіўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зірнуў на байца і зноў бяссільна абвяў.
«А, даняло, сабака!» — прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за ім. Але аўтамат ён апусціў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу і ўсё не могучы выдраць ногі, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назіраючы за марнымі намаганнямі ворага. Мусіць, ад таго, што немец страціў ужо былую небяспеку для яго, паволі асядала ў байцу злосць і мякчэла, адступала кудысьці рашучасць забіць. Немец застагнаў, апусціў голаў, кусаючы вусны. «Пераломаны ногі, ці што?» — падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогі, ён неяк не ў лад са сваім пачуццём ступіў бліжэй і, упершыся абцасам, адваліў убок вялізны пляскаты кавалак сцяны.
Затым сам аж здзівіўся, навошта зрабіў тое, — немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамі і, схіліўшы ўніз галаву з разматлянымі пыльнымі космамі, паволі выцягваў з-пад друзу ногі. Ага!.. Цэлы… Ён ужо апынуўся на волі, але чамусьці не спяшаўся скарыстаць яе, — мусіць, яго добра прыбіла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлівую, перамешаную са спачуваннем зласлівасць, Валока стрымана назіраў за ім.
Абапіраючыся рукамі на загрувашчаны дол, немец нейкі час сядзеў, не могучы, відаць, саўладаць са слабасцю і болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нібы чагосьці здзівіўшыся, зірнуў на байца і ўслухаўся. Знадворку глуха даносілася далёкая страляніна; грымнула некалькі выбухаў; праз шчыліны ў столі сям-там прасеялася крыху пяску. Немец паглядзеў угору і, нібы прыпамятаўшы штосьці, таропка ўстаў і, кульгаючы, падаўся да лесвіцы.