Читать «Адна ноч» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, ірвануў аберуч ягоныя рукі, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кінуўся ўбок выгнутым целам. Толькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў.

Але ў той момант здарылася штосьці страшнае.

Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася і рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам і грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спіну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкім смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалілася і прыціснула… Валока інстынктыўна хіснуўся ад немца, ускінуў над сабою рукі, затуліўся, бездапаможна падставіўшы абвалу потную, пабітую спіну.

Грымоцце, аднак, хутка спынілася, сціхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалі цесната і цяжар. Нельга было ні выдыхнуць, ні варухнуцца, і толькі ў свядомасці бліскала кароценькая і радасная думка: «Жывы». Але не было паветра, і ён задыхаўся ад пяску і нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гіне, Валока рвануўся з тае магілы; нешта туга, але падатліва рассунулася над ім, ён шпарка задыхаў і расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы.

2

Дзіва, як ён уцалеў.

Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ею знік недзе і халаднаваты прастор склепа. Было душна, і скрозь грувасціўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкінуты кудысьці з таго месца, дзе біўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкі, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкі, з якіх ён зваліўся сюды. Іх было толькі шэсць; вышэй разламаная бетонная пліта, як крыга ў паводку, касабочыла са столі і, упершыся рабром у лесвіцу, загароджвала выхад. З другога боку, наўкось ад Валокі, урэзалася канцом у завалены цэглай дол шырокая двухтаўровая бэлька. Яна была сагнута, — пэўна, ад выбуху, і калі б упала на якіх паўметра бліжэй, дык наўрад ці давялося б цяпер Валоку бачыць яе.

Павярнуўшыся, баец вызваліў ад завалля рукі, прыўзняўся, але ногі былі яшчэ моцна нечым прыціснуты. Ці ён аглух, ці сапраўды было зусім ціха, толькі ў вушах нешта віскліва, працягла і балюча звінела. Пакрысе ён павярнуўся на бок і паспрабаваў устаць. Ногі, здаецца, уцалелі, рукі таксама, толькі адна вельмі балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл і абломкі, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў з-пад друзу адну нагу, пасля другую і сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захліпаўся ад ўдушша, грудзі разрываліся; пыл і пясок забілі, мусіць, усе лёгкія. Уздрыгваючы ўсім целам, некалькі пакутных хвілін чалавек кашляў і адплёўваўся і пасля, калі палегчала, зноў агледзеўся наўкола.

Так, яго добра заваліла тут. Заваліла лесвіцу і склеп, уцалеў толькі змрочны закутак за прыступкамі ды якіх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад увахода, быў зусім забіты цэглай, бетоннымі глыбамі; столь над ім скасабочылася, разламаўшыся на кавалкі, і з чорных шчылін дзе-нідзе тырчала ржавая арматура. З адной такой шчыліны ў паўзмрок сутарэння цадзіўся знадворку тоненькі мільготкі праменьчык. У ім, роячыся, густа бліскалі пылінкі, і ён ледзьве прабіваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабіць змрок і было тут трошкі відна.