Читать «Адна ноч» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Адна ноч

1

«Юнкерсы» з'явіліся раптоўна.

Іх крыжастыя імклівыя цені нечакана выслізнулі з-за стромкіх, разбітых мінамі чарапічных дахаў і абрынулі на горад імпэтны грымотны рэў. Запаволіўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамі неба і, заўважыўшы, што ад бліжэйшага самалёта ўжо адваліліся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вуліцы. Некалькі доўгіх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы і рукаты баец у шапцы і цеснай старой гімнасцёрцы, сціснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулі ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спіну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка і звонка бразнула побач, і затым вуліца, шэрыя дамы і сквер патанулі ў віхуры шызага пылу.

«Паўтонная, не меней», — падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела — ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкі асфальту; у паветры пыльнымі струменямі церушыла зямля; паволі асядаючы, доўга матляліся дробныя лісткі акацый, шматкі паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму і рэву матораў прагрукацеў кулямёт — ад пашкрэбанага з балконамі дома насупраць сыпнула жарствой, і вялікая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцілася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлі пікіроўшчыкі.

Трэба было бегчы далей.

У скверы між тоненькіх дрэўцаў ужо замільгалі прыгнутыя спіны, нехта выскачыў з-за агароджы і адразу кінуўся на другі бок вуліцы. Па цёмнаму лапіку на спіне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з іхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў і, прыгнуўшыся, падаўся следам.

Сяржант у некалькі скачкоў перабег вуліцу і пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкі адстаў, ззаду рванула, і калі, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасці аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылі два немцы. Валока ажно прысеў, але і немцы тут, відаць, не чакалі яго, пярэдні нешта гергетаў задняму, на імгненне ў яго расшыраных вачах бліснуў спалох і здзіўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, ціскануў на спуск — аўтамат тузануўся, немец выпусціў з рук карабін і ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блішчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацілася на тратуар.

Куды знік задні, Валока не згледзеў.

Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулі клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкінутую немцаву руку, на якой яшчэ торгаліся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, і кінуўся ў нейкія расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хілілася столь, і некуды ад парога ўніз беглі прыступкі; спяшаючыся, Валока не патрапіў на іх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз ірванула, і, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.

Тут было ціха і цёмна. Засень і халодны бетон падлогі прыемна студзілі яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцішыўся, услухаўся, ступіў раз, другі, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамі і знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулі па нечых пыльных і яшчэ цёплых ад надворнае гарачыні ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузануліся з-пад яго рук, і ў той жа момант нешта тупое і цяжкае гахнула яго ў спіну. Валока войкнуў, ухапіў ротам паветра і з усяе сілы рвануў у цемру тыя ногі. Свядомасць разанула здагадка — немец!