Читать «Адна ноч» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Валока не бачыў у яго ніякае зброі, ведаў, нікуды яму не вырвацца адсюль, і таму спакойна сеў на цагляны зломак, з перавагай пазіраючы на ворага. Аўтамат ён трымаў між калень. «Ага, паспрабуй», — з'едліва падумаў баец, гледзячы, як немец штурхае пліту над прыступкамі. Той рабіў гэта, відаць, з усяе сілы, ззаду ў кароткім разрэзе аж матляліся канцы мундзіра, але пліты зрушыць не здолеў. Тады немец павярнуўся; на яго збянтэжаным твары было пытанне, але безудзельна спакойны выгляд Валокі, мусіць, даў яму зразумець, што выйсця адсюль няма.
Ён вяла саступіў з прыступак і сеў, абхапіўшы рукамі нагу. Валока з прытоенай цікавасцю агледзеў яго пакамечаную, абсыпаную пылам постаць з яфрэйтарскім шаўронам на разадраным да локця рукаве і ўпершыню ўбачыў на яго баку кабуру. Гэта зацікавіла і насцярожыла, з'явіўся новы клопат: што рабіць, калі вораг ажыў ды яшчэ ў дадатак да ўсяго і ўзброены?
Немец тым часам, відаць, паволі спакайнеў, правай нагой спіхнуў з левай бот, закасаў штаніну і насоўкай пачаў перавязваць калена. Калена было скрываўлена, кроў паўзла і паўзла з нейкае невялічкай, але вельмі крывацёчнае раны, і хутка насоўка стала ўшчэнт мокрая. Па ўсім выглядзе немца нельга было заўважыць, каб ён збіраўся ратавацца ад байца або нападаць, і гэта супакойвала. Неяк міжвольна пранікшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставіў убок нагу і намацаў у кішэні пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог і не даваць яго: не так ужо і шкада яму было гэтага падбітага гітлераўца. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба.
Немец не чакаў, пэўна, гэтага, і пачак упаў у друз ля яго ботаў. Спярша салдат сумеўся, але затым зразумеў — погляд яго адразу праясніўся. Ён нават буркнуў «данке» і, праз боль усміхнуўшыся, дастаў пакет. Твар у яго быў ужо немалады, загарэлы лоб перарэзалі маршчыны,і над скронямі блішчалі залысіны. На абсівераных няголеных шчоках шархацела русявае шчацінне.
Валока ўсё глядзеў на ворага, не ведаючы, што рабіць далей, і толькі інстынктыўна адчуваючы, што трэба асцерагацца. Немец вышэй закасаў штаніну і пачаў ашчадна абкручваць бінтом калена. У гэтым занятку ён мерна гойдаўся, раз-пораз падстаўляючы святлу са шчыліны зашчаціненую шчаку з шырокім косым рубцом каля вуха, — мусіць, колішнім следам асколка. Валока ўбачыў тое і сам сабе ўсміхнуўся: гэткі ж самы рубец насіў і ён на левым баку — то была памятка баёў пад Курскам. Немец відавочна ачуньваў і насцярожаным позіркам шэрых вачэй зрэдку пазіраў на байца.
Але доўга разглядваць адзін аднаго ім не давялося. Зямлю пад нагамі зноў затаўклі выбухі, — напэўна, то смалянула «кацюша» або шасціствольны нямецкі мінамёт. Зварухнуўшыся, абодва яны схілілі галовы і ўслухаліся. Немец застыў з нацягненым ля нагі бінтом і чакаў, утаропіўшы позірк у пакарэжаную столь склепа. Але выбухі паволі заціхлі, асыпаліся апошнія пасмы пяску са шчылін, і зноў стала ціха і глуха. Адзін толькі праменьчык косаю дымчатаю паскай скупа цадзіўся ў паўзмрок падзямелля.