Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 68

Васіль Быкаў

Ён груба піхнуў яе зноў на асветленую сярэдзіну падлогі, падняў аднекуль з-пад лаўкі абрэзак, напэўна, усё той жа вяроўкі.

— Рукі! Рукі давай. Звяжам, каб спакойней было. Мне і табе. Паняла?

— Гад ты! — сказала яна, ужо не супраціўляючыся, і ён пачаў туга абкручваць яе рукі вяроўкай. Яна толькі хваравіта моршчылася, ледзьве стрымліваючы ў сабе крыўду і боль.

— Баліць жа…

— Нічога, пацерпіш. Яшчэ не так будзе балюча.

— Болей балюча мне ўжо не будзе.

— Будзе. У паліцыі будзе, — проста паабяцаў ён, туга зацягваючы вузел.

— I ты мяне адвядзеш у паліцыю? — запыталася яна, і голас яе здрыгануўся.

— А куды ж мне цябе адвесці? Я хацеў да маці. Але ж ты — супраць.

— Мала таго, што падлюга, дык ты яшчэ і прадажнік, — сказала яна, зноў не стрымаўшы слёз.

Антон старанна завязаў вузел, памацаў яго, падняўся з кукішак і сеў ля стала. Ён злосна маўчаў. Глытаючы слёзы, каб не расплакацца перад ім, маўчала і Зоська. Ніводнаму з яе намераў, мабыць, не наканована збыцца, мабыць, трэба было рыхтавацца да горшага, што толькі магло здарыцца ў яе становішчы. Тым не менш яна прадаўжала сачыць за Антонам, які, ссунуўшы на патыліцу касматую шапку, адхінуўся спіной да стала і зморана расставіў на падлозе доўгія ногі. Капцілка з пячуркі слаба свяціла на яго туга абцягнутыя світэрам плечы, адзін бок насатага твару, на якім бугрылася цяпер нядобрая злая рашучасць.

— Во ты гаворыш: прадажнік, — з нейкаю нават крыўдай загаварыў ён. — Правільна, можа, нават прыйдзецца і прадаць. Але хто мяне змусіў на гэта?

Зоська кісла ўсміхнулася.

— Табе патрэбны апраўданні? — сказала яна, адчуваючы, аднак, што не трэба пачынаць з ім гаворку — подла ўсё гэта і брыдка. Усе іх размовы даўно перагавораны, цяпер паміж імі — бездаць, у якую вельмі хутка, напэўна, прыйдзецца рынуцца ёй.

— Мне напляваць на апраўданні. Але ты сапсавала мне ўсё жыццё. Я не кажу ўжо, што ты хацела мяне забіць. А я чаго для цябе хацеў? Я хацеў з табой жыць. Як палагаецца, па-людску. А ты? Прадажніка з мяне робіш.

— Ты даўно ўжо прадажнік!

— Памыляешся! Я нікога яшчэ не прадаў. Хіба што пачну з цябе першай. Калі ты мяне на гэта штурхаеш…

— Што ж, прадавай! — злосна сказала яна, адчуўшы, як усё ў ёй затрэслася ад злоснай бяссільнай ярасці. — Прадавай! Не ты першы. Але памятай, нават першы падавіўся сваімі срэбранікамі. I за ім усе астатнія.

Антон, здавалася, нібы і не чуў яе гнеўных слоў, яго мала краналі старыя аналогіі, таксама як і Зосьчыны слёзы. Падобна на тое, што ён сам быў пакрыўджаны не менш за яе і цяпер даў выйсце ўсім сваім крыўдам.

— Ты мне наплявала ў душу. Падняла на мяне тапор!

— А ты не напляваў мне ў душу? Не зганьбіў мяне?

— Я? Не. Я табе памагаў. Без мяне ты б даўно ўжо ўлопалася.

Зоська падумала, што ў гэтым, можа, ён і меў рацыю, але пасля таго, што здарылася, яе ўдзячнасць да яго прапала. Яна ўжо гатова была ўзненавідзець сябе за тое, што прымала гэтую яго некалі неабходную ёй дапамогу.

— Я не прасіла цябе памагаць.

— Мала што не прасіла. Я па сваёй волі. Бо кахаў цябе.

— Сволач ты!

— Во дзякуй! Але цяпер ты мне паможаш. Бо табе ўсё адно прападаць. Дык паслужы мне хоць напаследак.