Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 64

Васіль Быкаў

— Туды, туды бяжыце! — махнуў ёй з парога Вацык, і яна цераз праломіну ў загарадзі пабегла да лазні.

Яна бясконца доўга імчала па снезе якіх-небудзь паўсотню метраў да лазні, увесь час чакаючы крыку або нават стрэлу ззаду, цяпер яна ведала, што літасці ёй не будзе. Але прысадзістая хата з трысценам, напэўна, затуляла яе ад двара, ці, можа, Антон усё яшчэ быў у хляве, шукаў каня. Дзіўна, але менавіта ў гэтыя секунды яна амаль прагнула ягонага крыку, яна хацела пачуць ягоны спалох, разгубленасць, няхай бы страляў, чорта б цяпер ён у яе пацэліў. А наконт бегу яна яшчэ магла паспаборнічаць з ім, няхай паспрабуе яе дагнаць.

Але пакуль што ён не крычаў і не кідаўся яе даганяць, мабыць, ён яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў, і яна з ашалелым дыханнем забегла за лазню. Далей за плотам і нешырокай паласой гарода цямнелася ўночы высокая сцяна лесу, які гатовы быў уратаваць яе, пакуль не спахапіўся Галубін. Але ці ад знямогі, ці яшчэ чаму яна не кінулася далей, у лес, а прыпала плячыма да сцюдзёных бёрнаў сцяны, і слёзы зноў пакаціліся з яе вачэй.

— Ах ты, нягоднік! Ах, нягоднік… — сказала яна сабе і замерла — у двары пачуўся знаёмы Антонаў голас. Але голас быў у меру спакойны, без крыку і трывогі, штосьці ён пытаўся там, і яму ціха адказаў гаспадар. Здаецца, ён усё яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў — яны гаварылі там пра каня. Але што будзе, калі ён вернецца ў хату і не знойдзе яе? Ён жа можа перастраляць там усіх, адразу зразумеўшы, што ёй дапамаглі ўцячы. Божа, што толькі чакае гэту няшчасную сям’ю?..

Яна зірнула з-за вугла, але ў двары між цёмных сцен хаты і хлявоў нічога не было відаць. Антон з гаспадаром кудысьці пайшлі, можа, ужо вярнуліся ў хату. Ведама, ёй трэба было зараз жа бегчы ў лес, можа б, ён не адразу кінуўся за ёй па слядах, але яна ўсё стаяла. Яе зноў быццам паралізавала за гэтай пракапцелай лазняй, уся яна калацілася ад ветру і сцюжы і з жахам чакала стрэлаў і крыкаў — цяпер ужо не з двара, а ў хаце.

— Ах ты, нягоднік! Ах, здраднік!..

Не здольная што-небудзь рашыць і ўсё нервова дрыжучы ад сцюжы і страху, яна стаяла каля сцяны ўжо хвіліну ці болей, адчуваючы толькі, як знікае шанец на паратунак… Раптам яна зноў пачула галасы ў двары, і гэта вярнула ёй частку смеласці, — значыць, яны яшчэ не ў хаце. Самае страшнае адкладвалася на хвіліну-другую. I тады, усё ўзіраючыся з-за няроўнага вугла лазні ў двор і будынкі, яна ўбачыла на шэрым снезе падворка дзве цьмяныя зводдаль постаці — высокую Антона і прысадзістую гаспадара, якія кудысь шыбавалі — у напрамку пуні, ці што. Тут толькі яна здагадалася, што ён будзе шукаць у гумне, што, мабыць, каня ён яшчэ не знайшоў. Тым самым ён дараваў ёй яшчэ некалькі скупых хвілін, і яна раптам зразумела, што зробіць.