Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

Цяпер ён не ведаў нават, калі ўсё пачалося. Можа, з тых вечарын у Заглядках, калі ён танцаваў з ёю «страданіе», або з таго тлумнага дня, калі атрад Кузняцова, пакінуўшы абжыты лагер у Селіцкім лесе, паспешна перабазіраваўся за Шчару. На новым месцы іх напаткала прамозглая глуш старога замшэлага ельніку. Уцякаючы ад даганятых, яны суткі не елі, былі галодныя і знемаглі, як чэрці. Пасля кароткага адпачынку камандзір узвода вылучыў трох партызан зрабіць атрадную кухню. Двое пайшлі шукаць чыстую ваду, а Антон пачаў ладзіць топку — пад іх закапцелы таган трэба было выкапаць ямку. Ён адразу ўзяўся за справу, угрэўся, спацеў і, падумаўшы, што трэба здзець кажушок, убачыў Зоську. Дзяўчына нячутна падышла да яго, стала насупраць і ўсміхалася.

— Што, памагчы прыйшла? — запытаўся ён і таксама ўсміхнуўся.

— Ну, такому яшчэ памагаць! Адзін управішся. Во, рукі якія шырокія, бы лапаты, — засмяялася яна, і ён чамусьці ніякавата паглядзеў на свае нямытыя, запэцканыя зямлёй, далоні.

— На пусты жывот і рукі знямогуць.

— Згаладнеў, бедненькі. На, во табе…

Зоська ступіла бліжэй і з маленькага белага кулачка адсыпала яму паўжмені буйнага сухога гароху.

— Мацуйся. Сняданак не скора.

I зноў неяк загадкава ўсміхнуўшыся, нетаропка пайшла ў ельнік, дзе чуліся галасы хлопцаў, што ладзілі буданы для жылля. Ён паўзіраўся ўслед яе зграбнай невялічкай постаці ў боціках, спаднічцы і нейкай шырокай, не па яе росце, куртцы і падумаў з нечаканай зайздрасцю: «Ладная дзяўчынка».

Зоська пайшла, здаецца, тут жа забыўшыся пра яго, адразу акружаная іншымі хлопцамі, маладымі і нават хто быў старэй — усімі, каму карцела звярнуць на сябе хвілінную яе ўвагу, пажартаваць, тым больш што іншых жанчын, апроч яшчэ буркатлівай пажылой Сцепаніды, у атрадзе ўжо не было. Антон не лез перад другімі, хаця некалькі разоў і лавіў сябе на тым, што пачаў думаць аб ёй і не супраць быў бы зноў убачыць яе.

Аднак бачыў ён яе па-ранейшаму рэдка. У кастрычніку два ўзводы з атрада праводзілі аперацыю па знішчэнню Лук’янаўскага льнозавода і больш за тыдзень не былі ў лагеры, а ў пачатку кастрычніцкіх свят ён двойчы з групай Мамыкіна хадзіў на шашу здабываць боепрыпасы і зброю. Па дарозе з другога задання група наскочыла на засаду, іх абстралялі з вясковага выгану, аднаго хлопца забілі, а цяжка параненага Мамыкіна ён нёс на сабе кіламетраў дванаццаць да лагера, дзе той праз дзень і сканаў. Хавалі забітых, настрой быў паганы, стала не да гэтай дзяўчыны, якая прыжылася пры кухні, а затым пры штабе — з яе пачалі рыхтаваць разведчыцу. Аднойчы, праўда, спаткаў на сцежцы, абмяняліся дзвюма-трыма фразамі, і ўсё. Праўда, Антон не надта сумаваў ад таго, бо па натуры быў чалавек з характарам, вытрымкі ў яго хапала. Засады, баі, небяспека загартавалі яго яшчэ болей, і ён не мог нават успомніць выпадак, каб калі разгубіўся або хоць бы надта спалохаўся. Нават на злашчасным тым хутары. Хаця хто-колечы ў атрадзе і не супраць быў спіхнуць на яго смерць камандзіра атрада, але ён не быў ні ў чым вінаваты. Наадварот, сваёй кемлівасцю ён уратаваў чацвярых, калі першы скочыў з гарышча ў крапіву і крыкнуў астатнім: за мной! Хата ўжо гарэла, заняўшыся з другога канца, ад трысцена, яны, задыхаючыся ў дыме, з гадзіну адстрэльваліся ад паліцаяў, што насядалі з трох бакоў, з чацвёртага нічога не было відаць, туды валіў дым. Кузняцоў з ардынарцам рэдка пастрэльвалі з падпола ў хаце, куды паліцаі кідалі гранаты. Напэўна, камандзір быў паранены і не мог выбегчы, а яны, учатырох, што маглі зрабіць супраць трох дзесяткаў нахабных бобікаў? Добра яшчэ, што дзьмуў моцны вецер, які нізка слаў дым па гародзе, гэта і ўратавала іх.