Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

— А танцавала ты ладна.

— Дык і ты… Ладны танцор.

— Любіў дзяўчат пакружыць.

— А цяпер не любіш?

— Цяпер не да таго. Цяпер самога вайна закружыла.

— Забылася… Адкуль ты родам?

— Ды я з Усходняй. Барысаў, горад такі, мо чула?

— Гэта за Мінскам, здаецца?

— За Мінскам. А ты мясцовая?

— Са Скідзеля. Дваццаць восем кіламетраў ад Гродні.

— Знаю. Хадзіў у верасні. Амаль да Гродні дабраліся. Бобікі там нас шуганулі. У Ласосне. А ты з маці жыла?

— З мамай і старшай сястрой. Замужняй. А шурына немцы вясной расстралялі.

— Добра яшчэ, што вас не ўзялі. А маці і цяпер там?

— Там, дзе ж ёй яшчэ быць? З вясны не бачыла, проста душа чарнее. Як яна там?

— Трэба пабачыцца. Туды ж ідзеш? — запытаў ён і прыціх. Зоська ўся напружылася ў цемры.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ведаю.

Часта задыхаўшы, Зоська прымоўкла, і ён сказаў як аб чымсь само па сабе зразумелым:

— Што ж ты — амаль дома будзеш і маці не праведаеш? Так не гадзіцца.

— Знаеш, не зусім дома. Ды і другіх спраў багата.

— Ну, панятна, надавалі табе заданняў, трэба выконваць. Але і пра сябе падумаць не грэх, — сказаў ён і пазяхнуў. — У мяне таксама ў Скідзелі ёсць знаёмыя. Былы сябрук нават.

— Жыве там?

— Жыве.

— Дзе, на якой вуліцы? Можа, я знаю?

— Не, ты не знаеш. Ён чалавек новы.

— Ну, новых я, канешне, не ведаю. Каторыя прыехалі ў трыццаць дзевятым, тыя не дужа знаёмыя. Я ж перад вайной у Навагрудку вучылася.

— Я і кажу: не знаеш, — пацвердзіў Антон. Зашорхаўшы сенам, ён павярнуўся на бок і раптам паклаў руку на яе плячо. Яна палахліва здрыганулася, зрабіла слабую спробу адсунуцца, але адсунуцца тут было некуды.

— Не трэба…

— Цяплей будзе. А то ты ў маім кажушку, а мне…

— А табе холадна?

— Ну так, знаеш… Не дужа, але ўсё-такі.

Яна змоўкла, і ён абняў яе рукой за плечы. Ад яго вялікага і дужага цела ішло прыемнае для яе цяпло, і яна, прыціхшы, амаль што абмерла пад ягонай рукой.

— Ты такая малеча, — шэптам прамовіў ен з прыкметнай ноткай лагоды ў яго басавітым голасе. Ёй раптам зрабілася смешна — ніхто яе ніколі не зваў малечай, была яна хоць і невысокага росту, але дужанькай, спрытнай дзяўчынкай.

— Я не малеча, — сказала яна. — Я, знаеш, дужая.

— Ды ну?

— Ага. Магу паваліць. Нават такога, як ты.

— Як я?

— Ну.

Здаецца, гэта было ўжо занадта, яна жартоўна перахвальвала свае здольнасці, але гэта таму, што адчувала пагрозу, якая ішла ад яго, і няўмела старалася неяк абараніць сябе.

— Што, Дазорцаў навучыў? — зацікаўлена запытаў ён. — Самба?

— Ага. Самба.

— Глядзі ты! Ну і разведчыца!

— А што? Хіба кепска?

— Не, чаму ж? Яшчэ каб аружые. Але аружыя нябось не далі?

— Разведчыку не абавязкова аружые. Лепей харошыя дакументы.

— Гэта правільна.

— А ў цябе ёсць дакументы? У мяне нейкі аўсвайс патрэпаны. Як бы не ўліпнуць з ім.

— Патрэпаны — гэта добра. Гэта лепей, чым новы.

— Па аўсвайсу я Адэлаіда, паняў? — не без гонару паведаміла Зоська. — А цябе як па дакументу?

— А ўсё так жа: Антон Галубін.

— А хіба не замянілі? Трэба ж памяняць імя і прозвішча.

— Навошта мяняць? У мяне дакумент нязменны, — ён ціхенька варухнуў нагой, — Рэвальвер сістэмы наган.