Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

Кузняцова Галубіну было шкада да слёз, гэта быў смелы і талковы камандзір атрада, Антон любіў яго, як толькі можна любіць здатнага камандзіра ў арміі. Ідучы куды-небудзь па справе, у разведку, на баявую аперацыю або гулянку, той заўжды браў з сабой шасцярых партызан, разам з якімі ездзіў таксама і Галубін. Цяпер ад гэтай шасцёркі, здаецца, нікога не асталося.

Вельмі цяжка было ўпачатку, атрад збіраўся з розных людзей — часткова з раённага актыву, партыйцаў, НКУС, частка з параненых чырвонаармейцаў, а таксама прымакоў-акружэнцаў і нават некалькіх зняволеных, якім пашчасціла ўцячы з лагераў. Многія былі без зброі, другія — хворыя ці з адкрытымі ранамі, некаторыя наракалі на партызанскія парадкі і начальства, невядома кім і калі пастаўленае. Быў адзін, які назваўся маёрам і патрабаваў сабе камандзірскай пасады. Кузняцоў у такіх выпадках прытрымліваўся нязменнага для ўсіх правіла: паказаў сябе ў баі — атрымлівай камандаванне. I гэта было добрае правіла, думаў Галубін. Сам ён некалькі год да вайны рабіў падатковым агентам у райфа, у арміі раней не служыў, а давялося пайсці на вайну — стаў камандзірам узвода, затым камандзірам падрыўнікоў, і толькі пасля гібелі Кузняцова зноў панізіўся да радавога. Але ён не крыўдаваў, стала не да камандзірскіх амбіцый, важней было зберагчы цэлай аўчынку, як любіў казаць Кузняцоў.

Пад восень, аднак, стала лягчэй, людзі ў атрадзе больш-менш прыцерліся адзін да аднаго, можна было ваяваць. Калі б не гэта недарэчная смерць камандзіра.

Відаць, сапраўды на вайне, як і ў жыцці, паслядоўна чаргуюцца розныя палосы: белуго мяняе чорная і наадварот.

З верасня атрад, мабыць, увайшоў у сваю чорную паласу, і беды так і пасыпаліся на яго адна горш за другую.

Пачалося з гібелі Кузняцова і трох чалавек яго групы. Пасля пайшла і не вярнулася дыверсійная група Кубёлкіна. Не паспелі як след набедавацца па яе слаўных, можа, самых лепшых у атрадзе хлопцах, як атрад выступіў граміць гарнізон на станцыі і, трапіўшы неспадзёўку пад арганізаваны агонь немцаў, панёс вялікія страты. Адных забітых у гэтым баі аказалася столькі, колькі іх не было за ўсю вясну і лета ва ўсіх аперацыях, разам узятых. Хлопцы проста панылі, хоць і без таго настрой у атрадзе быў далёка не лепшы. Яны не мелі прыёмніка і ніякай сувязі з Масквой, але з розных крыпіц і чутак, выпадковых нямецкіх газет і зводак Саўінфармбюро, якія часам перадавалі з атрада імя Варашылава, збольшага ведалі пра тое, што адбывалася на поўдні краіны.