Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 12
Васіль Быкаў
Нейкi агiдны цень запаў у яе душу, i жанчына ўсё не магла зразумець, каго тут вiнавацiць — сябе цi Пархомава, — ад гэтага было вельмi тлумна i прыкра. Змаркатнелая, яна ледзьве дачакалася вечара i, так i не разабраўшыся ў сабе, ад крыўды немаведама на каго i завошта, цiха паплакала, iдучы дадому.
На другi ранак пасля тае размовы з Петрачэнкавым яна сядзела ў вестыбюлi i баязлiва чакала дзевяцi гадзiн, калi пачнуць зыходзiцца людзi. Першы, як, бадай, заўсёды, з'явiўся iнжынер Шаўроў, як заўсёды, ён старанна выцер ногi i кiнуў ей:
— Прывет! Ну што? Як жысць?
Яна нешта новае ўлавiла ў яго тоне i насцярожылася, сцiснулася нутром, чакаючы якой нетактоўнасцi. I ён не замарудзiў — выпалiў цi то жартам, цi ўсур'ёз, бы пра якую дробязную справу:
— Кажуць, ты ўжо гэтае самае… жанiха знайшла. I недалёка, толькi сямейнага, так сказаць. Што ж, брава, брава.
Сiгаючы цераз прыступкi, ён узнiмаўся па лесвiцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хiснулася столь, скрывiлiся калоны — ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхiнуўшыся да падаконнiка, i ўжо амаль не прыкмячала i не вiталася нi з кiм — нi з Iванам Кузьмiчом, якi нават не зiрнуў у яе бок, нi з Петрачэнкавым, якi сёння чамусьцi ўважлiва агледзеў яе халодным позiркам бялёсых вачэй, нi з Нонкай, якая падкрэслена ветлiва i са смяшынкай у вачах павiталася з ёю. Фрузыне было вельмi крыўдна i на сябе, i на людзей, i на ўвесь белы свет.
Увечары таго дня вярнуўся з камандзiроўкi Пархомаў.
Праз акно пад лесвiцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калi ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, i яе сэрца зноў, як некалi, у час яго першага прыходу, нязладна забiлася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынiлася ля акна, пачакала трохi, пакуль ён уладкуецца з машынай, i пасля, з намаганнем перастаўляючы ногi, пайшла да варот.
Ён зняў акумулятар i анучкай выцiраў яго клемы, але, пачуўшы крокi, адразу ўстрывожана азiрнуўся. Вiдаць, нешта кепскае азначылася на яе твары, бо шафёр адразу ўстрапянуўся i выпрастаўся. Фрузына, прыкмецiўшы гэта, спрабавала няўдала ўсмiхнуцца i, павiтаўшыся, сказала:
— Ведаеш, мяне Петрачэнкаў выклiкаў. Лаяў… Пытаўся, цi праўда, што ты да мяне ходзiш?
— Што? — не зразумеў ён. — Што? А скуль ён ведае? На яго запыленым, змораным твары мiльганула трывога.
Фрузына патупiла вочы.
— Ну… А ты што? Што ты сказала?
— А што мне было казаць? Сказала, што прыходзiш…
— Дурнiца! — Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. — Хiба так можна? Эх, ты!..
Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставiўся да гэтае справы, i ў жанчыны стала пуста i самотна ў душы. Страцiўшы надзею i сiлу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай i ўжо не стрымлiвала роспачных слёз, што душылi яе. Побач рыпелi дзверы, хадзiлi людзi, нешта казалi, пыталiся, але яна не глядзела нi на кога, не адказвала, не слухала.
Наступiлi гаротныя днi.
Пархомаў болей да яе не прыходзiў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаiўся ён да шафёрскай кампанii, сядзеў, курыў, размаўляў нароўнi з усiмi. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па-ранейшаму iмкнулася да яго, нi ў чым не вiнiла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывiць, хлусiць, ашукваць яна не ўмела.