Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 11
Васіль Быкаў
— Цётка Фрузына, вас Петрачэнкаў клiчуць.
У яе адразу нядобрым прадчуваннем здрыганулася сэрца, але яна знешне спакойна выйшла з клумбы, паставiла на асфальт палiвачку i, паправiўшы на грудзях брошку, нетаропка пайшла ў будынак. Яна ўзнялася на другi паверх i, прыпынiўшыся ля чорных дэрмацiнавых дзвярэй, нерашуча пацягнула ручку.
Петрачэнкаў пiсаў. На яе прыход ён нават не ўзняў свайго акулярыстага твару, толькi буркнуў: "Ага, зараз". Апроч яго, тут яшчэ за трыма сталамi сядзелi людзi — усе былi заняты сваiмi справамi i, здавалася, не звярталi на яе нiякай увагi. Фрузына стала ля петрачэнкаўскага стала i з хвiлiну чакала, усё робячы здагадкi, якая патрэба прымусiла гэтага чалавека клiкаць яе.
Напiсаўшы, што трэба было, ён пачаў поркацца ў паперах на стале i, нiбы аб якой простай будзённай справе — надвор'i цi нясвежай вадзе ў графiне, задаў пытанне, ад якога ў яе пахаладзела ўнутры.
— Слухайце, Сямашка, цi праўда, што вы таго… з шафёрам гэтым, як яго?.. З Пархомавым?
Петрачэнкаў коратка блiснуў акулярамi, а яна, счырванелая i збянтэжаная ад гэтай бессаромнай праматы, стаяла i пакутна ламала свае непрыгожыя пляскатыя пальцы.
— Га? — зноў запытаўся гэты выглянцаваны чалавек. — Вiдаць, плёткi, праўда?
Яна нiколi не хлусiла нiкому, нiколi не апраўдвалася, калi была вiнавата, i, хоць цяпер была здзiўлена i абражана гэтай бесцырымоннасцю, сказала:
— Ну, а што? Ну, ён прыходзiць калi…
Петрачэнкаў варухнуў брывамi, здзiўлена пераглянуўся з некiм за яе спiной, крыва ўсмiхнуўся i загаварыў прыкра i нудна:
— Прызнацца, не чакаў такога… здзiўляючага сваёй класiчнай праматой адказу… А вы ведаеце… што такiмi сваiмi… ганебнымi, я сказаў бы, паводзiнамi кiдаеце цень неблагачыннасцi, так сказаць, на ўсю ўстанову, вось… Вам вядома, што гэты ваш, як яго… Пархомаў мае сям'ю, так сказаць, да якой ён нейкiм чынам павiнен захоўваць свой абавязак. Вось. I цяпер, у свеце вашага недвухсэнсоўнага прызнання, я як старшыня мясцкома буду вымушан не абмежавацца гэтай гутаркай, а прыняць, так сказаць, дзейсныя меры, з тым разлiкам, каб…
Да яе дрэнна даходзiў сэнс гэтых слоў, яна да болю ў душы адчувала толькi, што сталася нешта агiднае, нешта ганебнае i што яна вiнавата ў нечым. Затуманеным зрокам жанчына глядзела цераз лысаватую голаў гэтага чалавека праз акно на панадворак, там вiдаць быў канец гаража, апошнiя вароты, дзе стаяла машына Пархомава. Цяпер гэтыя вароты былi зачынены. I ёй стала вельмi сумна ад таго, што яна адна i што ёй за дваiх трэба прымаць гэты цяжкi удар. З прыкрым адчуваннем нейкай так i не зразумелай вiны Фрузына неўзабаве спусцiлася ўнiз на свае месца ля вешалак i прысела, абапершыся на падаконнiк.
Жанчыне нават стала дзiўна, як гэта яна не прадбачыла, што яе могуць абвiнавацiць, зняславiць. Пасля горкiх калючых слоў Петрачэнкава было ясна, што людзi не даруюць ёй гэтай блiзкасцi да Пархомава, але зноў жа — у чым была яе вiна, Фрузына так i не магла зразумець. Хiба яна дабiвалася чаго, хiба на што благое падбiвала Пархомава, хiба чаго злачыннага жадала ад яго?