Читать «Байкі жыцьця» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
Яшчэ адну вялікую перамогу здабыла дзяржава ў яе застарэлым канфлікце з суседзямі — дурнымі сьмехавітамі, рэлігіяй якіх была весялосьць. Страхавіты хутка заваявалі гэтую невялікую, кепска арганізаваную краіну. Але неўзабаве было заўважана, што пераможаныя ня надта з таго турбуюцца, бо жывуць нашмат лепш за пераможцаў. І грошай у іх больш, і хлеба, і жывёлы. Яны нават п'юць віно, што было зусім незразумела. І ніхто ў іх нікога не прымушае набываць зь дзяцінства спалоханы выраз твару, кожны сьмяецца, колькі захоча. Нават мае права голасна рагатаць.
Не заўсёды ў жыцьці ўсё адбываецца, як хочацца, нават Валадару. Каб Страхалюд XII ведаў гэта, ён бы не заваёўваў тую бязладную краіну. Сталася так, што амаральныя ідэі пераможаных сьмехавітаў сталі пранікаць у краіну страхавітаў — сьпярша праз войска, а затым — праз гандлёвыя сувязі. Іх падхапіла найперш няўстойлівая частка грамадзтва, — недастаткова выхаваная ў страху моладзь. Раптам некаторыя зь яе ўпадабалі вясёлыя песьні суседзяў і нават пачалі іх сьпяваць. А тады ва ўжытак пайшло віно і тытунь, што ўвогуле было жахліва. І хоць на барацьбу з заганамі змабілізавалі ўсе сілы дзяржавы — ад войска да грамадзкіх памагатых — сексотаў, стукачоў, таптуноў — карысьці было мала. Нягледзячы на суды, затрыманьні, арышты і суровыя выракі, жахлівыя парушэньні прававернай маралі і этыкі не спыняліся. Патрабавалася яшчэ вышэй падняць ролю Страху, ягоных жыватворных ідэяў. Наблізіць іх да народу.
Тады Валадар краіны за кароткі тэрмін пабудаваў у сталіцы вялізны 50-сажневы ансамбаль, які завяршаўся ўгары мармуровым порцікам са зьмешчаным у ім пазалочаным гаршчэчкам Страху. У сонечны пагодны дзень ягоныя выпраменьваньні можна было бачыць далёка за межамі Страхалюдыі. Былі ўстаноўленыя сто прэміяў музыкам, мастакам і пісьменьнікам, якія з найбольшай сілаю ўвасобяць у творах залаты воблік Страху. Ужо праз паўгоду роўна сто творцаў былі ганараваныя прэміямі, іх мармуровыя бюсты выставілі ўздоўж алеі гарадзкога парку культуры і страхалюдзтва. Мяжу зь сьмехавітамі абсталявалі дванаццацімэтровай жалезнай заслонай. Перасякаць яе мелі права толькі асабліва ўстойлівыя да сьмеху людзі, якім перад паездкай рабілі ін'екцыю сыроваткі суму. І тым ня менш, падрыўная ідэалёгія і яе матэрыяльная культура шырока пранікалі ў краіну суму і страху. Празь недагляд цэнзараў у друку зьявілася публікацыя аднаго эканаміста, нібыта вясёлы працаўнік болей прадукцыйны за сумнага, — гэткай ерасі ў краіне не было ўжо амаль два стагодзьдзі. Аўтара публікацыі, натуральна, выслалі за мяжу, дзе яго хутка забілі ягоныя ж аднадумцы. Некаторыя, праўда, казалі, што забойства было справай рук страхавітых спэцслужбаў. Але то быў варожы паклёп.