Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 17

Васіль Быкаў

— Снарад туды страляй, снарад сюды страляй. Хата не чапай, — задаволена ўсміхаецца ў змроку Папоў.

— Ага, ладна прылаўчыўся. З гадзіну мы караскаліся на той бугор, а Папоў не пускаў немцаў. Са сцен той мазанкі ўсю гліну пазбіваў, але сваіх не зачапіў. Падбеглі, ударылі збоку, немцаў турнулі і — у хату. А там пехацінцы, сапёры і, глядзім, — Люся, параненая ў нагу. Павыцягвалі ўсіх, пасля як хто з-пад агню выбіраліся. Люсю Крывёнак выносіў. Абшчапіла яна яго за шыю, так ён і валок дзеўку цераз усё поле. А з мінамёта немец лупіў — думаў я, прападуць абое. Але абышлося. Толькі я з тыдзень баяўся — а ну, думаю, камбат снарады праверыць. Засталося з дзесятак. Папоў і бранябойныя расстраляў. Добра, што танкі тады нас мілавалі… Было!..

— Было, законна! — пацвярджае Лёшка і бесцырымонна ўрываецца ў наш сцішаны, па-начному раздумны настрой. — Вось у мяне такое было! У шпіталі. Як родная стала. Нават больш. От гісторыя…

І ён у жывапісных выразах пачынае нам маляваць «гісторыю», што здарылася з ім у Палтаве, дзе стрэлася яму такая «ягадка-сястрычка», і як даставала яна абмундзіроўку, і як ён, пераапрануўшыся, выходзіў да яе за агароджу, і пра ўсё, што было далей. Мы моўчкі слухаем. Яно і цікава, гэтыя Лёшкавы прыгоды, і трохі аддае ад іх нейкаю агідай, калі хочацца не паверыць, перабіць, сказаць: «Няпраўда! Хлусіш!» Але ніхто нічога не кажа яму, усе з прытоенай цікавасцю слухаюць да канца.

Калі ён змаўкае, Жаўтых прыўстае на каленях і ўглядаецца ў чорныя пагоркі.

— Вы не заўважаеце: штось дужа ціха ў фрыцаў? — кажа ён. — І ракет не кідаюць. Можа, мяняюцца, ці што?..

Але хто ведае, што там робіцца ў немцаў? Толькі, сапраўды, тое, што яны сёння не свецяць ракетамі, трошкі трывожыць нас сваёй незразумеласцю і загадкавасцю. Праўда, пакуль усё ціха, і не хочацца думаць пра што благое.

Зводдаль ад пехацінскай траншэі, здаецца, нехта ідзе. У начным месячным змроку відаць, што гэта чалавек, але хто — разгледзець яшчэ нельга. Толькі падходзіць ён усё бліжэй і кіруе да нас. Здаецца, там двое, і ідуць яны не па сцежцы, дзе ходзяць усе, а наўпрасткі па прасцягу. Яшчэ праз нейкі час мы бачым дваіх у касках і чуем знаёмы голас, ад якога адразу змаўкае Лёшка і ўсе губляюць цікавасць да яго баек.

— Ну што, артылерысты? — гучыць з цемры надломлены барытон нашага камандзіра батальёна, капітана Троцкага. — Дружна спіце?

— Ніяк не, таварыш капітан, — кажа Жаўтых і спаважна ўзнімаецца насустрач. Мы сядзім, дзе сядзелі, толькі паварочваемся да камбата і насцярожваемся, бо ведаем, што так сабе капітан не прыходзіць. І сапраўды, Троцкі набліжаецца да пляцоўкі агнявой і строга, з затоенай да часу пагрозаю пытаецца ў Жаўтыха:

— Чаму вартавога няма?

— Дык мы ж усе тут. Ніхто не спіць, таварыш капітан, — тлумачыць наш камандзір. Але яго тлумачэнне і асабліва зварот «таварыш капітан» гучыць як апраўданне.

— Ага, усе тут! А хто назірае за праціўнікам?

— Дык вось усе назіраем…

— Гм!..

Ён ідзе далей уздоўж акопа, моўчкі мінае нас; з ім побач тупае прыціхлы Жаўтых і ззаду валачэцца сувязны з аўтаматам упоперак грудзей. Ля гарматы Троцкі спыняецца, нешта думае і пытаецца ў Жаўтыха: