Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 15
Васіль Быкаў
— Правільна: Халхін-Голам, — тут жа папраўляе Лёшка.
— Ну, пад Халхін-Голам… Дык гэта брата Сцёпку пакалечылі. Прыйшоў без рукі, з адным вокам. Цяпер — я. Праўда, тут ужо нічога не скажаш. Тут трэба. Але ўсё думаецца: няўжо і маім дзецям без бацькі расці?
Пэўна, штось цікавае ўдумаўшы, ускоквае з долу Лёшка.
— Слухай! Вось ты кажаш: вайна, вайна. А ты падумай, хто ты да вайны быў? Ну хто? Радавы калгаснік! Быкам хвасты закручваў! Кізякі голымі нагамі мясіў! Законна?
— Ну і што? — насцярожваецца Жаўтых.
— А то. Быў ты нікудыка. А цяпер? Паглядзі, кім цябе вайна зрабіла? Старшы сяржант. Камандзір гарматы. Кавалер ордэна Айчыннай вайны, трох медалёў «За адвагу». Член партыі…
— От сказаў! — з'едліва здзіўляецца Жаўтых. — Кавалер! Ці ведаеш ты, што ў майго бацькі крыжоў болей было, чым у мяне медалёў. І што? Думаеш, што змянілася? А то кавалер! — кажа Жаўтых і злосна ёрзае ў доле.
— Ерунда! — аб'яўляе Лёшка, зноў разлёгшыся на траве. — Мая праўда!
— Праўда! Я б усе медалі аддаў, толькі б дзяцей зберагчы. Вунь — не скончыцца вайна да новага года — старшы мой, Дзмітрый, пойдзе. Дапрызыўнік. Васемнаццаць год хлопцу. Возьмуць, трапіць у пяхоту, і што, думаеш? Маладое, дурное — у першым-другім баі і пакладзе галаву. Не жыўшы, не ведаўшы. А то медалі! Добра табе, халасцяку, ні кала, ні двара, сам сабе галава. А тут — чацвёра ў доме, і малыя!
Лёшка маўчыць, камандзір уздыхае, лагодны яго настрой псуецца.
— Толькі тое і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна — ужо апошняя. Даваюем, і баста. Ужо другой такой не будзе. Не павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося.
— А што, хай паваююць, — не то ўсур'ёз, не то жартам — яго не зразумееш — пярэчыць Задарожны. — Разумнейшыя будуць. Вайна — таксама быццам акадэмія.
— Акадэмія! Эх ты! Сам вось скончы гэтую акадэмію, а пасля кажы.
— Ерунда! Ваююць жа хлопцы. І дзеўкі нават. Вунь Люська, напрыклад. Чым яна горшая?
— Ну і што ж? Думаеш, правільна гэта? Ці лёгка ёй, дзяўчыне, сярод гэткіх вот, як ты… бугаёў?
— А што?
— А нічога! Праўда, Люся — дзяўчына харошая, — кажа Жаўтых. — Даваяваць, ды даў бы ёй бог шчасця. Яна варта…
Мы ўсе маўкліва згаджаемся (хто ж з нас скажа што супраць Люсі), Жаўтых зацягваецца — ружовым агеньчыкам узгараецца і гасне заціснутая ў яго кулаку папяроса.
— На добрай зямлі вырасла. У добры час. Што вы думаеце: ад зямлі ўсё. І чалавек. Якая зямля — такі чалавек. Нямеччына — паганая зямля. На ёй, пэўна, адны мухаморы ды порхаўкі розныя растуць. І фашысты яшчэ. Зямля, зноў жа жыццё. Калі жыццё ў маленстве ператрэ добра — будзе чалавек. Залашчыць — прапаў чалавек.
— Ну, гэта ты загінаеш, — кажа з долу Лёшка. — Ерунда гэта! Пры чым тут зямля, мухаморы… Гэта яна табе дагаджае, Люська, дык ты ўжо так за яе.
— Дагаджае! — злуецца Жаўтых. — Эх ты, галава яловая. Дагаджае! Не ведаеш ты яе. А я ведаю. Адкуль у яе гэта возьмецца? У яе гэтага і ў крыві не было. Бацька яе вунь які герой быў! Арол! Рэвалюцыю ў нас, на Кубані, рабіў. Васемнаццаць ран меў. Рана памёр. А яна ў чужых людзей гадавалася. Думаеш, соладка было? Думаеш, так гэта — ветрам надула. Таму і такая… справядлівая.