Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 16

Васіль Быкаў

Але Задарожны ўсё не згаджаецца.

— Цябе тады перад генералам апраўдала, дык ужо і справядлівая.

— А што ж — і апраўдала. Уратавала. Калі б не яна — расстралялі б занішто. Дурная справа — не хітрая. Шпокнулі б, і ўсё. Хіба няма дурняў і сярод генералаў? А так вось жыву.

Я ведаю — хлопцы расказвалі ўжо пра гэты не дужа даўні выпадак.

На пераправе цераз Буг атрымалася няўстойка. Немцы атакавалі, наша пяхота і артылерыя, што не паспела яшчэ закапацца на плацдарме, рынулася назад. І тут адкуль ні вазьміся — нейкі крыклівы генерал. Ён спыніў на беразе наш разлік і загадаў Жаўтыху развярнуць гармату і біць па ўсіх — па сваіх і немцах, што беглі на гэты бераг. Хлопцы развярнулі гармату, але Жаўтых скамандаваць «агонь» не наважыўся, ды і ў астатніх не падняліся рукі гармату зарадзіць для такой справы. Стаяць яны, а пераправа аж гудзе ад народу. Затор утварыўся. Тады на «вілісе» зноў падлятае той генерал, здзірае са старшага сяржанта пагоны, аўтаматчыкі хапаюць яго і валакуць пад абрыў.

Хлопцы ўсе знямелі, не ведалі, што і думаць. Камбат Перабежчыкаў збялеў і схаваўся недзе за перакулены аўтамабіль. Начальнік артылерыі падвярнуўся паблізу, але калі згледзеў генеральскую папаху, адразу падаўся кудысь далей ад гэтага ліха. Здавалася, Жаўтыхова жыццё ўжо скончана самым паганым чынам.

І тады да разлютаванага генерала кінулася Люся. Яна дагнала ягоны «віліс», спыніла яго на пераправе — хлопцам з гэтага берага не чутно было, што адно аднаму крычалі яны, толькі раптам з «віліса» выскоквае ад'ютант, бяжыць да абрыву, Люся — за ім, і там яны з-пад самых аўтаматаў вывалакваюць Жаўтыха.

— От! Не памог ні камбат, ні якія геройскія хлопцы. А дзяўчына ўратавала. Ось што значыць зямлячка, — з гонарам кажа Жаўтых.

Месяц паціхеньку сунецца ў небе; на ўтаптаным доле варушацца нашы кароткія цені; пахне травой, раскапанай зямлёй, роснаю свежасцю дыхае сонны абшар.

— Такое не забудзецца, такое доўга помніцца будзе. Да магілы, — разважна прадаўжае Жаўтых. — Ну, але і мы аднойчы яе выручылі. Тут, мабыць, не ўсе ведаюць. Каторыя маладзейшыя — не былі. Не чулі. Хто ўжо адтуль застаўся? — азіраючы нас, пытаецца камандзір. — Папоў, раз, ну, Крывёнак. Астатнія навічкі.

Неяк надвячоркам на фланг нас перакінулі, — зацягнуўшыся, кажа Жаўтых і затоптвае абцасам цыгарку. — Сталі ў вішанніку, я якраз пераабувацца сеў. Хлопцы акоп капаюць. Гразь — на кожным боце паўпуда. Аж прыбягае салдацік — так і так. У хутары немцы раненых акружылі. Дваццаць чалавек там і адна дзеўка. Адбіваюцца, памажыце. А хутар — вунь ён: кіламетр з гакам. Чуем, страляніна ідзе. Але дзе яна не ідзе — скрозь грыміць. Не дакапалі мы акоп, кінулі лапаткі, я з салдатамі — аўтаматы ў рукі і туды. А Папоў зарадзіў і давай паліць. Адзін, а ладна так, браце, паліў — беглі і радаваліся.