Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 18

Васіль Быкаў

— Колькі вы тут сядзіце, на гэтай агнявой?

Жаўтых пераступае з нагі на нагу і разважна ўдакладняе:

— На гэтай агнявой? На гэтай мы, таварыш капітан, так з дзесятага ці дванаццатага — чатыры дні, значыць…

— І за чатыры дні, старшы сяржант, вы не маглі выкапаць укрыцце для гарматы?

— Дык загаду не было. Думалі, можа, яшчэ куды пераставяць. Увесь час жа перастаўляюць, перасоўваюць.

— Перасоўваюць! — з'едліва кажа капітан. — Яны думалі! Вы што, першы дзень на вайне?

Жаўтых маўчыць, а Троцкі ва ўпор падступае да яго.

— Вы мне менш думайце. Вы салдаты. Хай генералы думаюць, — са стрыманай злосцю кідае Троцкі. — Вы мне заўтра знішчыце кулямёт, вунь той буйнакаліберны, — тыцкае ён пальцам у цемру. — Дзесяць снарадаў вам на тое і дзесяць хвілін часу.

— Адсюль? — пытаецца Жаўтых.

— Адсюль. Адкуль жа яшчэ?

— Адсюль нельга, таварыш капітан, — пярэчыць камандзір гарматы. — Тут нас накрыюць.

— Магчыма, — згаджаецца капітан, і ад таго, якім тонам сказана гэта, агідны халадок западае ў нашыя грудзі. Адзін за адным мы ўстаём і падступаем да камбата. — Калі вы не акапаецеся як мае быць, могуць і накрыць.

— Як тут акапаешся, калі для бліндажа ніводнае палкі! — злуецца і Жаўтых. — Усё на соплях.

— Гэта вашая справа, — абыякава адказвае капітан. — Шукайце.

— Не, так няможна, — кажа Жаўтых, падумаўшы. — І разлік і гармата прападуць. А што, з закрытай пазіцыі нельга? Вунь гаўбічнікі, дармаеды, ні разу за цэлы тыдзень не стрэлілі… Ось ім і задаць бы гэтую задачу…

Мы ўсе маўчым, бо разумеем, што ад нас патрабуецца, уяўляем сабе, што можа быць заўтра, і ўнутры само па сабе вырастае жаданне, каб Жаўтых як аднекаўся, пераклаў гэтую задачу на каго іншага. Але Троцкі не такі, відаць, камандзір, каб даць угаварыць сябе, адмовіцца ад уласнага намеру, мы ўжо ведаем яго, гэтага прыдзіру, самага строгага з усіх трох у палку камбатаў.

— Вы зразумелі задачу? — холадна пытаецца ён у Жаўтыха.

Але і наш камандзір таксама з характарам і, калі яго раззлаваць, можа паказаць сваю ўпартасць хоць каму хочаш.

— Што задача? — пераходзіць ён у наступ на камбата. — Трэ было раней яе ставіць, ён вунь тры дні лупіць адтуль. А гэтак і кулямёт не разаб'еш, і гармату загубіш. Тут жа пад самым носам. Трэба падрыхтавацца.

— Рыхтуйцеся!

— Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш…

— Вось што! — абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам. — Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.

Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.

— Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей — у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш…

— Галоўная небяспека — мінамёты, — уздыхае Лук'янаў. — На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.