Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 13

Васіль Быкаў

— Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! — сур'ёзнее Люся.

Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна, каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку.

— А ну асцярожней там! — строга гукае да яго Жаўтых. — Што раскачагарыў!

— Будзем есці, — кажу я Крывёнку. Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй.

«Ось табе і радасць! — думаю я. — Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай».

З новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю — на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп.

— Ну вось так! Павячэралі — дай бог паснедаць, — кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок. — Будзем піць чаёк і закурым…

Але папіць чаю яму не ўдаецца. Не спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае:

— Пі-у-у… Пі-у-у… Пі-у-у-у-у-у!!!

— Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! — ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. І зноў угары вые: «Пі-у-у… Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!»

— Лажысь! — пагрозліва крычыць Жаўтых. — У акоп!!!

Прыгнуўшыся, хлопцы ўскокваюць, я перавальваюся цераз бруствер і падаю з усімі ў чорную цемру акопа. Нехта навальваецца на мяне, балюча выцяўшы абцасам у спіну. Зямля пад намі рвецца, уздрыгвае раз, другі, трэці: па галавах, скурчаных спінах лапочуць груды, і нечакана зноў усё сціхае.

— Сабакі! — кажа ў напружанай цішы Жаўтых. Штурхаючыся ў цемры, ён пачынае ўставаць. — Засеклі ці наўгад?..

За камандзірам варушацца іншыя, здаецца, усе цэлыя.

— А божачка! І напалохалася ж, — раптам зусім блізка ля мяне адзываецца Люся, і я ўздрыгваю — яе цёплае пругкае і трошкі дрыготкае цела толькі што прыціскалася да маёй спіны. З незразумелай няёмкасцю я паварочваюся, абсыпаю спінай зямлю ў акопе і даю дзяўчыне месца.

Мы ўсе ўстаём у акопе і ўслед за Жаўтыхом пачынаем вылазіць на паверхню, а ля палаткі, быццам нічога і не здарылася, сядзіць Лёшка і даядае суп з кацялка.

— Ну і хуткія ж на пад'ем! — напаўжартоўна і здзекліва кажа ён. — Трах-бах, і ўжо ў траншэі. Ваякі!

Яму ніхто не адказвае, Жаўтых стаіць, услухоўваючыся ў трывожную ціш. Наперадзе, над пагоркамі, узлятае ў неба першая сёння ракета; губляючы агняныя кроплі, яна разгараецца, міргае па кукурузных кучах далёкім мільготкім агнём і гасне.

— А ты не дужа таго! — кажа Жаўтых. — Глядзі, каб калі бокам не вылезла. Дажартуешся.

— Хе! Ерунда! Дзвюм смярцям не бываць — адной не мінаваць. Што мне, падумаеш!..

Хлопцы зноў прысядаюць каля палаткі, недаверліва азіраючыся на чорныя пагоркі, а Люся, пэўна, яшчэ не перажыўшы свайго страху, стаіць на выхадзе з акопа.