Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

— Што ты робіш?

— Ды во — мушка.

Былы ротны павярнуўся на бок і з патрабавальнай упэўненасцю працяг руку.

— Ану!

Сцёпка яшчэ раз калупнуў трэскай, але зноў няўдала і падаў вінтоўку Брытвіну. Той сеў, расставіўшы калені, звыкла паляскаў затворам.

— Ну і ламачына! Гразная, канечне, іржавая. У цябе хто камандзір? Мелік'янц, ага?

Сцёпка прамаўчаў. Гаварыць з Брытвіным у яго ўраз прапала жаданне — хлопец ведаў, што той скажа далей.

— Ладна. Давайце вінтоўку.

— Не, пачакай! — ухінуўшыся ад яго рукі, Брытвін шчоўкнуў курком, пакратаў прыцэльную рамку. Потым зірнуў на мушку. — А яшчэ казалі: Мелік'янц — строгі камандзір!

Сцёпка ўсё маўчаў, але пад елкай падазрона заёрзаў Даніла.

— Ды ён не Мелік'янца. Ён з кухні.

— Як з кухні?

Брытвін апусціў вінтоўку і ўтаропіў у Данілу недаўменны, амаль абураны позірк. Сцёпка за рулю выхапіў у яго вінтоўку, падумаўшы пра Данілу: «Каб ты прапаў! Цягнуў яго хто за язык!» Хлопец адчуў у сабе пакутную няёмкасць ад гэтае недарэчнай падказкі, але паправіць нічога ўжо нельга было, і ён агрызнуўся:

— А што на кухні — не людзі?

Пасля ўстаў і закінуў сваю ламачыну за плячо, гатовы ісці, толькі ісці яшчэ не выпадала — хочаш ці не, а трэба было чакаць з гэтымі побач. Тым часам Даніла з лёгкай пагардай на валасатым твары, а Брытвін з трывожлівай насцярожлівасцю пазіралі на яго.

— Дык хто цябе назначыў у групу? — запытаў Брытвін, ссунуўшы да пераносся густыя чорныя бровы.

— А вам якое дзела? — Так, усё было дужа знаёмае: Сцёпка зноў адчуў сябе ў становішчы горшага за іншых, і гэта міжвольна выклікала ў ім інстынктыўны парыў абараняцца. — Каму трэба было, той і прызначыў.

Брытвін, аднак, пільнаваўся стрыманасці, неўзабаве прыцяў здзіўленне і зірнуў на Данілу. Той без асаблівай увагі да іх варушыў рукой у сваёй сумцы.

— Дажыліся, няма чаго сказаць! — прабурчаў Брытвін і зноў адхінуўся на локаць.

Сцёпка, патаптаўшыся трохі, сеў воддаль ад іх, ля сцежкі. Першая прасветліна ў ягоным настроі хутка завалоквалася прыкрасцю, ён ужо лаяў сябе, што даў Брытвіну ў рукі вінтоўку, — хай бы трымаў сваю. А то прыдбаў недзе дзесяцізарадку, дык столькі ўжо фанабэрыі. Калі спатрэбіцца, яшчэ невядома, чыя лепш возьме — гэтая СВТ ці яго, узору 1891 года. Сцяпан мог бы ўсё гэта ім растлумачыць, таксама як і тое, што на кухні ён апынуўся выпадкова, што ён не менш за іх пахадзіў у свой час на заданні. Але нейкая нядобрая ўпартасць у адносінах да іх, асабліва да Брытвіна, ужо брала сваё, і ён нічога не мог зрабіць з ёю. Яна яму не падпарадкоўвалася, ён ведаў гэта і не імкнуўся перасіліць яе.

Пакрыўджана прыціхшы, Сцёпка і не згледзеў, як ад буданоў паказаўся Маслакоў. Хлопец пачуў толькі, як пад хваінай, устаючы, зашорхаў кажухом Даніла, падняўся і зручней сеў Брытвін. У Сцёпкі ж ад скулля ламіла ў шыі, і, каб азірнуцца, ён мусіў павярнуцца ўсім целам. Цераз прагаліну наўпрасткі ішоў іх камандзір. Адною рукой ён нёс штосьці цяжкое — здаецца, нямецкую каністру, у якой звычайна трымалі бензін. Падышоўшы бліжэй, паставіў каністру і ссунуў з потнага лба армейскую шапку.

— Што гэта? — запытаў Брытвін.