Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 6

Васіль Быкаў

— Помніш, як мы пад Фарынавам грукнулі?

— Ну.

— Вось я і думаю: чаго гэта Тоўкача на кухні капцяць? Такога падрыўніка, з вопытам.

Ён паглядзеў на хлопца з такой шчырай сяброўскасцю, што Сцёпка ажно адчуў сябе шчаслівым. Праўда, хлопец зразумеў, што Маслакоў жартуе: які там у яго вопыт?

Вопыт, канечне, быў невялікі, апошнім часам на чыгунку ён не хадзіў. Але тады, пад Фарынавам, яны сапраўды грукнулі ўдала. Месца трапілася зручнае: насып, паварот і да таго ж спуск, а наперадзе падмёрзлае балота. Машыніст, мабыць, не прадчуваў небяспекі, добра паддаў пары, і як грукнула — амаль увесь састаў зляцеў з насыпу. Помніцца, тады з імі хадзілі Балашэвіч і Струк. Першага ўжо няма, другі застаўся, паранены, у Казельскай пушчы.

З адною дравіной хлопцу было ўпраўней; яны вылезлі з хмызняку ў рэдкалессе, і Сцёпка падбег трохі наперад, каб ісці поруч.

— А хто яшчэ пойдзе?

— Яшчэ? Яшчэ Даніла Шпак з узвода Мяцёлкіна. Пажылы такі. Мясцовы. І Брытвін. Ведаеш?

— Той, што ротным быў?

— Ну. Пойдзе іскупаць правінку. Як іскупіць, тады, казалі, зноў камандзірам паставяць.

Што ж, гэта было няблага: Маслакоў, Брытвін — куды якія ўмелыя партызаны, Даніла Шпак — мясцовы, наскрозь ведае ўсе хады-выхады. Сцёпка памалу ўжо асвойваўся з сваёй радасцю; пра заданне ён не пытаўся: ведаў, прыйдзе час — усё растлумачаць, рабі як найлепш.

Яны падвалаклі дравіны да кухні ў ельніку, ад якой прытульна патыхала дымком, і спыніліся каля пня, дзе быў дрывасек. Тут ужо ляжала некалькі палак, прыцягнутых Сцёпкам раней, аднак ён адразу вызначыў, што на абед дроў было малавата. Тым не менш гэты клопат, які нядаўна яшчэ дапякаў яму, цяпер зрабіўся такі апрыклы, што не хацелася пра гэта думаць. Яны размашыста пакідалі свае дравіны на ранейшыя, і Маслакоў падштурхнуў на плячы аўтамат.

— Дык збірайся. Праз гадзіну патопаем.

3

Праз гадзіну, аднак, не патопалі: здарылася няўпраўка са ўзрыўчаткай. Пакуль Маслакоў бегаў па начальству, яны ўтрох чакалі пад елкай акрай лясное прагаліны, у тым месцы, дзе пачыналася дарога. Былы камандзір партызанскае роты Брытвін, толькі прыйшоўшы сюды, адразу паваліўся жыватом на іглісты пад елкаю дол і ляжаў так, з маўклівай засяроджанасцю ўткнуўшы ў рукавы моцны паголены падбародак. З іх трох ён адзін, у шынялі і суконнай пілотцы, меў хоць прыблізна вайсковы выгляд; Сцёпка ж у сваім зборным убранні быў падобны хутчэй на паліцая. Што ж да трэцяга тут, стараватага селяніна Шпака Данілы, дык у таго наогул не было нічога вайсковага. Маўклівы, з зарослым чорнымі касмылямі тварам, у рыжым, злубянелым ад вільгаці кажуху і лапцях, ён сядзеў, прыхінуўшыся да смалістага камля елкі, і нешта старанна, з ненасытнаю асалодаю жаваў. Побач ляжаў яго кароценькі абрэз з нефарбаванай самадзельнаю ложай. Сцёпка не адразу і зразумеў, што Даніла еў боб, які даставаў з зашмальцаванай процігазнай сумкі патрошку, па пары каліваў, нібы яны былі ў яго ўжо апошнія. Тым не менш і праз паўгадзіны ён усё жаваў, кожны раз унікаючы Сцёпкавага позірку, калі той паварочваўся да яго. Хлопец наскрозь разумеў гэтыя прастадушныя дзядзькавы хітрыкі, але маўчаў, бо даўно меў за правіла нічога не прасіць у тых, хто не хацеў даць.