Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 48

Васіль Быкаў

Сцёпка шчыльней прытуліўся да зямлі, нават зацяў дыханне; яны праехалі зусім блізка ад яго, але нават не зірнулі ў яго бок, і Сцёпка ўздыхнуў, з прыемнасцю адчуваючы вясновыя пахі зямлі.

Зноў пацягнуўся час. Сонца ў небе павольна падымалася над лесам; мабыць, было ўжо гадзін дзесяць, калі не болей. Сцёпка часцей, чым на мост, пазіраў цяпер назад, на дарогу, чакаючы ўбачыць там Міцеву фурманку з Рослікам. Але там доўга нікога не было, і хлопца пакрысе пачаў агортваць неспакой: ці не здарылася што на дарозе?

Вартавы разы тры прайшоўся сюды-туды па мосце і зноў завярнуў у гэты канец. Правай рукой ён высока, ля самага пляча, перахапіў рэмень, а левай, заклаўшы яе назад, ашчаперваў ложу карабіна, які, мабыць, добра ўжо намуляў за змену яго худое плячо. Ён нетаропка пашкандыбаў уздоўж па мосце, спыніўся ля паламанай парэнчы, і Сцёпка падумаў, што зараз паверне назад. Але паліцай чамусь не паварочваўся. Ён нават выняў левую руку з-за спіны і таксама перанёс яе на рэмень карабіна, нібы рыхтуючыся зняць яго з-за пляча. Адчуўшы штось новае ў паводзінах паліцая, Сцёпка азірнуўся і з-пад навіслай альховай галінкі ўбачыў, як з горкі ў хвойнічку шпарка і неяк весела нават коціць уніз знаёмы іх Рослік.

Хлопец пасунуў бліжэй да сябе аўтамат, ямчэй упёрся локцямі ў чорны мяккаваты дол. Думкі яго набылі іншы, паскораны тэмп. Сам не хочучы таго, ён захваляваўся, адчуваючы, што зараз настане самае важнае. Праўда, ягонае напружанне трохі расслабілася ад здзіўлення, калі ён згледзеў на калёсах аднаго толькі Міцю: ні Данілы, ні Брытвіна там не было. Не відаць іх было і ззаду, і нідзе паблізу. «Няўжо яны выправілі Міцю аднаго?» — падумаў Сцёпка. А мо там што здарылася? Здагадвацца, аднак, не было калі: фурманка хутка набліжалася, а паліцай стаяў у пачатку моста, і ў Сцёпкі аж схаладнела ўнутры: а раптам спыніць? Калі паліцай спыніць падводу, тады, мусіць, усё прапала.

Сцяўшыся і нязручна падкурчыўшы ногі, Сцёпка праз вецце пазіраў то на дарогу з фурманкаю, то на мост, дзе ва ўпартай нязрушнасці ля зламанай парэнчы стаяў паліцай. І тады ў хлопца мільганула думка: а раптам гэтаю ноччу варту змянілі, паставілі новых, якія цяпер першы раз бачаць малакавоза? Вядома, тады ўжо яны яго спыняць. Але ж Міця недзе тут, блізенька ад моста, павінен падпаліць шнур — што ж тады здарыцца?

Між тым, борзда патрухваючы, Рослік з фурманкай набліжаўся да кусцікаў. Міця высока сядзеў на адным з бітонаў, выглядаў ён спакойны. Праўда, трохі ненатуральным здавалася гэта яго сядзенне, хіба што так ямчэй было сапхнуць з задка міну. І зноў — ні ў фурманцы і нідзе паблізу нікога: Брытвіна з Данілам сапраўды не было. Няўжо яны засталіся ў сасонніку ці, можа, з імі здарылася што кепскае? — дзівіўся Сцёпка. Вядома, ён прыкрые Міцю, калі на тое пасланы, але навошта тады яны? І на што ўвогуле ўсё гэта падобна?..