Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 84

Леў Мікалаевіч Талстой

— Вось калі зажыву сваім домам! Вазьму гэтага зайца, заб'ю бізуном ды прадам за чатыры алтыны. На тыя грошы куплю свінку. Яна прывядзе мне дванаццаць парасят. Парасяткі вырастуць, прывядуць яшчэ па дванаццаць. Я ўсіх закалю, свіран мяса насалю. Мяса прадам, а на тыя грошыкі дом куплю ды сам ажанюся. Жонка народзіць мне двух сыноў: Ваську ды Ваньку. Дзеткі будуць поле араць, а я каля акна стаяць ды парадкі наводзіць. «Гэй вы, дзеткі,— гукну,— Васька ды Ванька! Надта людзей на рабоце не падганяйце, відаць, самі бедна ніколі не жылі!» Ды так моцна крыкнуў мужык, што заяц спалохаўся і ўцёк. Так вось дом з усім багаццем, з жонкай і з дзецьмі прапаў.

ЗА ДУРНОЙ ГАЛАВОЙ НАГАМ НЕСПАКОЙ

Запаліла баба ў печы і дыму ў хату напусціла — не прадыхнуць. «Трэба папрасіць у суседзяў рэшата — дым з хаты вынесці»,— падумала баба і пайшла да суседзяў, а дзверы за сабою не зачыніла.

Прыйшла да суседзяў. А тыя кажуць:

— Няма ў нас рэшата. Дагадаісе пазычылі.

Падалася баба к Дагадаісе ў канец сяла, узяла ў яе рэшата і пайшла дадому.

Увайшла ў хату, а дыму ў ёй як і не было.

Сцяміла тут баба, што, пакуль яна ногі біла, па рэшата хадзіла, дым праз дзверы выйшаў, папракнула сама сябе: «За дурной галавой — нагам неспакой!»

РАЗМОВ

Сустрэліся пад вечар два прыяцелі. Адзін у другога і пытаецца:

— Што сёння рабіў?

— Рукавіцы шукаў.

— Знайшоў?

— Знайшоў.

— Дзе ж яны былі?

— Ды за поясам. А ты куды крочыш?

— За сем вёрст.

— Кісялю пасёрбаць?

— Не, камара шукаць.

— Гэта якога ж камара?

— Ды таго, што за нос укусіць мяне хоча.

— Дык ён жа з табою!

— Дзе гэта са мною?

— Ды на носе ў цябе!

ДОБРА, ДЫ КЕПСКА

Сустрэліся на дарозе пан і мужык.

— Мужык, адкуль ты?

— Здалёку, пане!

— А адкуль?

— З горада Растова, а пана Талстова.

— А ці вялікі горад?

— Не мераў.

— А магутны?

— Не дужаўся.

— Што ж там пачым?

— Людзі па хатах сядзяць, коні па стайнях стаяць.

— А чаго ездзіў?

— Па пакупку дарагую: па мерку гароху.

— От гэта добра!

— Добра, ды не надта!

— А чаму ж?

— Ехаў ды рассыпаў.

— От гэта кепска!

— Кепска, ды не надта!

— А чаму ж?

— Рассыпаў мерку, а сабраў дзве!

— А от гэта добра!

— Добра, ды не надта!

— Ды чаму ж?

— Пасеяў, ды рэдкі.

— От гэта кепска!

— Кепска, ды не надта!

— А чаму ж?

— Хоць рэдкі, ды стручкаваты!

— От гэта добра!

— Добра, ды не зусім!

— А чаму ж?

— Паповы свінні панадзіліся гарох таптаць-дратаваць.

— Гэта кепска!

— Кепска, ды не надта!

— А чаму ж?

— Я свіней забіў ды дзве дзяжы свежаніны насаліў.

— От гэта добра!

— Добра, ды не надта!

— А чаму ж?

— Паповы сабакі панадзіліся свежаніну цягаць-цягаць ды ўсю і павыцягвалі.

— От гэта кепска!

— Кепска, ды не надта!

— А чаму ж?

— Я тых сабак забіў ды жонцы футра пашыў.

— От гэта добра!

— Добра, ды не надта!

— А чаму ж?

— Ішла мая жонка каля папова двара; а поп пазнаў ды футра зняў.

— От гэта кепска!

— Кепска, ды не надта!

— А чаму ж?

— Я з папом судзіўся-судзіўся, сівога каня ды рыжую карову спусціў — вось мая справа і выгарала.

1

Меч булатны — меч з асабліва моцнай сталі.

2

У дазор хадзіць — пільнаваць, вартаваць, ахоўваць.

3

Xітра — чараўніца.

4

Чалядня — памяшканне, дзе жылі слугі.