Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 69

Леў Мікалаевіч Талстой

Алавяны прут гнецца, не ломіцца, вакол хрыбеціны абвіваецца. Андрэй б'е, а кот-баюн пачаў казкі расказваць пра папоў, пра дыяканаў, пра паповых дачок. Андрэй яго не слухае, усё лупцуе прутом.

Не пад сілу стала кату цярпець, бачыць, што не загаварыць яму Андрэя, ён і пачаў прасіцца:

— Адпусці мяне, добры чалавек! Што трэба, усё табе зраблю!

— А пойдзеш са мною?

— Куды хочаш пайду.

Андрэй падаўся ў дарогу назад і ката за сабою павёў. Дабраўся да свайго царства, прыходзіць з катом у палац, і кажа цару:

— Так і так, службу выканаў, здабыў вам ката-баюна.

Цар здзівіўся і кажа:

— Ану, кот-баюн, пакажы вялікі шал!

Тут кот кіпцюры свае вострыць, на цара імі мерыцца, хоча ў яго грудзі белыя раздзіраць, з жывога сэрца даставаць.

Цар спужаўся:

— Андрэй-стралок, сунімі, калі ласка, ката-баюна!

Андрэй ката супакоіў і ў клетку замкнуў, а сам пайшоў дадому, да Мар'і-царэўны. Жыве-пажывае, цешыцца з маладою жонкаю.

А ў цара яшчэ мацней сэрца шчыміць, няма яму спакою. Зноў паклікаў ён дарадцу:

— Што хочаш прыдумай, а звядзі са свету Андрэя-стралка, а не, дык мой меч — твая галава з плеч.

Царскі дарадца ідзе адразу ў карчму, знайшоў там карчомнага выпівоху ў падраным каптанчыку і просіць яго выручыць, падказаць што-небудзь. Карчомны выпівоха шкляначку віна выпіў, вусы выцер.

— Ідзі,— кажа,— да цара і скажы: няхай пашле Андрэя-стралка туды — не ведаю куды, прынесці тое — не ведаю, што такое. Гэтай задачы Андрэй ніколі не выканае і назад не вернецца.

Дарадца пабег да цара і ўсё яму далажыў. Цар пасылае па Андрэя:

— Саслужыў ты мне дзве службы, саслужы трэцюю: схадзі туды — не ведаю куды, прынясі тое — не ведаю, што такое. Саслужыш —: узнагароджу па-царску, а не, дык мой меч — твая галава з плеч.

Прыйшоў Андрэй дадому, сеў на лаўку і заплакаў. Мар'я-царэўна ў яго пытаецца:

— Што, любы мой, такі невясёлы? Ці яшчэ бяда якая?

— Эх,— кажа,— за тваю красу ўсе напасці нясу! Загадаў мне цар ісці туды — не ведаю куды, прынесці тое — не ведаю, што такое.

— От гэта служба! Ну, ды нічога, кладзіся спаць, раніца за вечар мудрэйшая.

Мар'я-царэўна дачакалася ночы, разгарнула чараўнічую кнігу, чытала, чытала, чытала, кінула кнігу і за галаву схапілася: пра царову загадку ў кнізе нічога не сказана. Мар’я-царэўна выйшла на ганак, дастала хусцінку і махнула. Назляталася ўсялякіх птушак, назбягалася ўсялякіх звяроў.

Мар'я-царэўна ў іх пытаецца:

— Звяры лясныя, птушкі паднябесныя! Вы, звяры, усюды гойсаеце, вы, птушкі, усюды лятаеце: ці не чулі, як дайсці туды — не ведаю куды, прынесці тое — не ведаю, што такое?

Звяры і птушкі адказалі:

— Не, Мар'я-царэўна, мы пра тое і не чулі.

Мар'я-царэўна махнула хусцінкай — звяры і птушкі

зніклі, нібы і не было іх. Махнула другі раз — з'явіліся перад ёю два волаты:

— Што трэба? Чаго жадаеце?

— Слугі мае верныя, занясіце мяне на сярэдзіну акіян-мора.

Падхапілі волаты Мар’ю-царэўну, занеслі на акіян-мора і сталі на сярэдзіне, на самай бездані,— самі стаяць, як слупы, а яе на руках трымаюць. Мар'я-царэўна махнула хусцінкай, і прыплылі да яе ўсе гады і рыбы марскія.